Фабіян Гіляравіч Шантыр
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шантыр. Фабіян Гіляравіч Шантыр (23 студзеня (4 лютага) 1887, Слуцк — 29 мая 1920, Навазыбкаў) — беларускі публіцыст, празаік, паэт, перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Меў адносіны з Зоськай Верас і з ёю агульнага сына Антона.
Псеўданімы і крыптанімы
Выкарыстоўваў псеўданімы: Н.Светлов; А.Хмара; крыптанімы: Ф. Ш.; Ф.Ш-р; Фабіян Шан-р; Ш. Ф..
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў сям’і муляра ў Слуцк, паводле іншых даных, у Капылі[1][2]. У снежні 1905 года ён быў арыштаваны за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у горадзе Старобін і зняволены ў Слуцкай турме (1905—1907)[1]. У 1909 жыў у Слуцку; з 1910 у Капылі. Працаваў мулярам, адвакатам, настаўнікам.
У 1914 мабілізаваны ў войска[1], служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску. У 1916—1917 удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка», куды прыязджаў з Бабруйска.
У 1917 стаў адным з лідараў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады. На З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, 25—27.3.1917) абраны ў БНК; у ліпені 1917 — у Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый. Удзельнічаў у 1-м Усебеларускім з’ездзе (снежань 1917)[1]. На пераломе красавіка і мая 1918 года, у выніку расколу ў БСГ увайшоў у склад кіраўніцтва Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў[3].
З 1918 года ў Чырвонай Арміі[1], супрацоўнік Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята, загадчык Смаленскага аддзялення Белнацкама. Адзін з аўтараў зборніка «Зажынкі» (Масква, 1918). У тым жа годзе арыштаваны. У 1918 годзе ён знаходзіўся ў Бабруйску. Служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйскай крэпасці. Падчас працы ў крэпасці яго наведвала Зоська Верас[4][5][6].
У пачатку 1919 камісар па нацыянальных справах Часовага ўрада БССР. Пасля — супрацоўнік Мінскага губернскага ваеннага камісарыята і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту. Удзельнічаў у выданні газеты «Савецкая Беларусь». У 1920 годзе пайшоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць тэрытарыяльнага падзелу БССР.
У лютым 1920 мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Неўзабаве арыштаваны і 29 мая 1920 года расстраляны[2]. Гісторык Віталь Скалабан расказвае аб гэтым наступнае:[7]
> Расстралялі яго за тое, што ён нібыта прыпісаў сабе партыйны стаж і не мог даказаць, што сядзеў у царскай турме ў 1905 годзе. І за дыскрэдытацыю савецкай улады. Але, па сутнасці, за тое, што ён — некіравальны беларускі дзеяч. |
Творчасць
Друкавацца пачаў у газеце «Наша ніва», дзе ў 1909—1912 змяшчаў празаічныя абразкі-імпрэсіі[1]; там жа апублікаваў некалькі паэтычных твораў. Змяшчаў вершы і публіцыстычныя артыкулы ў газету «Дзянніца». Аўтар апавяданняў «Захар» (1909), «Ночь», «Смерть убогого», «Под шум леса» (усё ў 1910), «Святой боже» (1917). Пераклаў на беларускую мову палітычную брашуру В. Лібкнехта(руск.) бел. «Пауки и мухи»[1].
Творы
- Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народа / Ф. Шантыр. — Слуцк: Друкарня З. Барнака: 1918. — 21 с.[8]
- У час барацьбы: [Верш у прозе] // Крыніца. 1988, № 11.
- Зажынкі. М., 1918
У культуры
Людміла Рублеўская сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала паэму «Людвіка і Фабіян», прысвечаную каханню Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас) і Фабіяна Шантыра[9][10].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- 1 2 Ant.Adamovič. Opposition to Sovietization… N. Y., 1958, pp. 191—192; BSSR, Karotkaja Enc., vol. 5, 1981, p. 660; Baćkaŭščyna, Munich, no. 433, November 7, 1958.
- ↑ Dorota Michaluk: Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010, s. 300. ISBN 978-83-231-2484-9
- ↑ 05.01.2011 На острие истории(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Уладзімір Содаль. Фабіян! Фабіян!..
- ↑ ШАНТЫР Фабіян
- ↑ sb.by
- ↑ Патрэбнасць нацыянальнага жыццядля беларусаў і самаадзначэння народа(недаступная спасылка)
- ↑ Советская Белоруссия № 52 (23443). Вторник, 23 марта 2010 года(недаступная спасылка)
- ↑ Ад архіўнага дакумента — да мастацкага твора(недаступная спасылка)
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Казбярук У. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
- Гарэцкі М. Шантыр Фабіян // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Мн., 1992;
- Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
- Черепко С. Капкан. Загадка смерти наркома Фабияна Шантыра // Советская Белоруссия. 2000. 26 августа;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
Спасылкі
Фабіян Гіляравіч Шантыр у Вікікрыніцах | |
Фабіян Гіляравіч Шантыр на Вікісховішчы |
- ШАНТЫР Фабіян Гіляравіч
- Шантыр Фабіян Гіляравіч
- Фабіян Шантыр: «Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне»