Іван Антонавіч Ласкоў
Іван Антонавіч Ласкоў (19 чэрвеня 1941, Гомель — 29 ліпеня 1994) — беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык. Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябар СП СССР (1973), таксама сябар СП ЯАССР і БССР.
Паходжанне
Бацька — Ласкавы Антон Іванавіч, недзе 1901 г. н., украінец з Палтаўшчыны, земляроб. У Гомель уцёк у 1933 ратуючыся ад галадамору, ад якога ў яго памерла ўся сям’я і сваякі (апроч брата Пятра). Працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы «Спартак», адсюль у чэрвені 1941 быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і знік без вестак. Маці, Казлоўская Юлія Апанасаўна, нарадзілася ў вёсцы каля станцыі Красны Бераг (цяпер Жлобінскі р-н, Гомельскай вобласці) тагачаснай Мінскай губерні ў 1909. У 1914 некалькі сем’яў з гэтай вёскі, у асноўным крэўныя, набылі па кавалку зямлі каля вёскі Беразякі Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Зямля была бедная, таму прадавалася танна нейкім памешчыкам (нібыта з прозвішчам Стошын). Так, Казлоўскі (прадзед Івана), які на Міншчыне меў 6 дзесяцін, прадаўшы іх, купіў 75 дзесяцін (большай часткай балот, хмызнякоў і лесу). Тады ж адбылося перасяленне. Зямлю прадзед падзяліў пароўну між трыма сынамі. Адзін з іх быў Апанас. Юлія Апанасаўна літаральна збегла з вёскі ў Гомель, зусім дзяўчынкай, дзе працавала ў самых розных месцах (найчасцей прыбіральшчыцай), нарэшце стала ўладкавалася на пошце, працавала тэлеграфісткай. Скончыла ў вячэрняй школе 4-5 класаў, але пісала даволі непісьменна. У пасведчанні аб нараджэнні, што было выдадзена ў Гомелі ў чэрвені 1941, І. Ласкоў быў запісаны пад дзявочым прозвішчам маці — «Казлоўскі Іван», з прочыркам у графе «па бацьку». Увесну 1942 Юлія Апанасаўна перабралася да бацькоў у в. Беразякі (Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці БССР), дзе працавала калгасніцай, памерла ў 1963 г. Юлія Казлоўская і Антон Ласкавы зарэгістраваныя не былі, але Юлія Апанасаўна пісалася Ласкавай і вымаўляла сваё прозвішча з націскам на першым складзе, што не вельмі падабалася малому Івану, таму, пайшоўшы ў школу, ён сваё прозвішча «зрусіфікаваў» на Ласкоў.
Біяграфія
У тры гад Іван навучыўся чытаць, але з прычыны матэрыяльных цяжкасцей пайшоў у школу толькі ў восем гадоў. У 1952, пасля заканчэння 3-га класу, самастойна здаў іспыты за 4-ы клас і быў адразу пераведзены ў 5-ы. З Беразякоў, у якіх ён жыў да 1952, дасылаў свае вершы ў піянерскую газету «Зорька», хаця іх не друкавалі, але на лісты адказвалі. Па ініцыятыве Анастасіі Феакцістаўны Мазуравай, рэдактара «Зоркі» яго ў 1952 адправілі ва Усесаюзны піянеркі лагер «Артэк» імя У. І. Леніна, дзе ён правучыўся з лістапада па сакавік 1953. Затам выхоўваўся ў Магілёўскім спецыяльным дзіцячым доме № 1, потым у школе № 2, якую скончыў у 1958 з залатым медалем і паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1964. Пры размеркаванні выказаў жаданне паехаць у г. Дзяржынск Горкаўскай вобласці РСФСР, дзе працаваў у Дзяржынскім філіяле Дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута прамысловай і санітарнай ачысткі газаў /НДІАГаз/.
З 1966 года навучаўся на аддзяленні перакладу ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве. Па час вакацыяў працаваў у студэнцкім будатрадзе ў Заходняй Сібіры, наведаў Польскую Народную Рэспубліку, Сярэднюю Азію. У 1971 пасля заканчэнні з чырвоным дыпломам пераехаў у Якуцкую АССР, на радзіму сваёй жонкі, якуцкай пісьменніцы Гаўрыльевай Валянціны Мікалаеўны (на беларускай мове, у перакладзе С. Міхальчука, выходзіла яе кніга: Краіна Уот-Джулістана. Мн. 1981). З верасня 1971 да лютага 1972 працаваў у газеце «Молодежь Якутии», спачатку ўлічвальнікам лістоў, потым загадчыкам адзела рабочай моладзі. З лютага 1972 да лета 1977 працаваў у Якуцкім кніжным выдавецтве старшым рэдактарам аддзелу масава-палітычнай літаратуры. З лета 1977 працаваў старшым літаратурным рэдактарам, з 1993 — загадчыкам аддзелу крытыкі і навукі часопіса «Полярная звезда» (Якуцк). За палемічныя артыкулы пра бацькоў-заснавальнікаў АССР вясной 1993 быў звольнены з працы і ашальмаваны прадстаўнікамі якуцкай «інтэлігенцыі». Падрабляў выпадковай працай. Апошняе месца працы — загадчык аддзелу прозы і публіцыстыкі ў двухмоўным дзіцячым часопісе «Колокольчик» // «Чуораанчык», які ўзначальваў Рафаэль Багатаеўскі.
29 чэрвеня 1994 г. знойдзены мёртвым «у лесе каля Плямгаса» [прыгарад Якуцка па Вілюйскаму тракту за Птушкафабрыкай]. Пахаваны ў Якуцку на прывілеяваных г. зв. «Чыраеўскіх могілках» (невялікі кавалак могілак па Маганскаму тракту для больш «значных» людзей, адгароджаны ад астатніх металёвай адгароджай). На помніку напісана: «Ласков Иван Антонович 1942—1994. Писатель. Редактор якутского эпоса «Нюргун Боотур — Стремительный».
Літаратурная творчасць
Першыя вершы апублікаваў у 1956 у газеце «Чырвоная змена» (першая публікацыя: Сталь. [Верш] // Чырвоная змена. Мінск. № 202. 14 кастрычніка 1956). Пісаў на беларускай і рускай мовах. Літаратурная спадчына вызначаецца жанравай разнастайнасцю: вершы і паэмы, апавяданні і аповесці, нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Храмец» (1975), «Кульга» (1985); зборнікаў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973). Дзецям адрасавана апавяданне «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1978). Яго творам уласціва панарамнае бачанне прастору — ад палёў і садоў Беларусі да тундры з яе вечнай мерзлатой. Выразнасць грамадзянскай пазіцыі выяўляецца ў роздуме над гісторыяй і сучаснасцю, у заклапочанасці лёсам роднай зямлі і яе насельнікаў.
Гіпотэза этнагенезу ўсходніх славян
У апошнія гады жыцця Іван Ласкоў напісаў шэраг артыкулаў, у якіх на аснове этымалагічнай тыпалогіі, вылучэння адпаведнікаў у мовах розных народаў распрацоўваў гіпотэзу пра ўгра-фінскія карані ўсходніх славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем («Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць», «Жамойцкі тупік», «3 маўклівых прадонняў», усе 1993).
Бібліяграфія
- Стихия. Лирика. Минск: «Беларусь», 1966. 80 с. [На грамадскіх пачатках кнігу адрэдагаваў Браніслаў Спрынчан. Рэдактар Хв. Жычка. Мастак Г. Скамарохава.];
- Белое небо. Стихи. Минск: «Беларусь», 1969. 72 с. [Рэдактар А. Масарэнка. Мастак Л. Дубавіцкая.];
- Кружное лета. Вершы. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1973. 104 с. [Рэдактар Хв. Чэрня. Мастак М. Лазавы.];
- Хромец. Поэма. Якутск: Якутское книжное издательство, 1975. 160 с. [Редактор Л. Озеров. Художник Г. Полищук.];
- Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду. Маленькая аповесць. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1978. 32 с. [Рэдактар Ул. Машкоў. Мастак В. Бароўка.];
- Ивановы. Рассказы. Якутск: Якутское книжное издательство, 1979. 208 с. [Редактор В. И. Шеметов. Художник Г. Полищук.];
- Чароўны камень. Апавяданні. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1983. 207 с. [Рэцэнзент М. Тычына. Рэдактар Я. Курто. Мастак В. Бароўка.];
- Кульга. Паэма. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1985. 126 с. [Рэцэнзенты: прафесар, доктар філалагічных навук Л. І. Клімовіч, С. Марчанка. Рэдактар Л. Дранько-Майсюк. Мастак М. Будавей.];
- Лето циклонов. Повести, рассказы. Москва. Перевод с белорусского автора. Москва: «Советский писатель», 1987. 432 с. [Редактор Е. А. Метченко. Художник Е. Скакальский];
- На падводных крылах. Аповесці. Мінск: «Мастацкая літаратура», 1990. 248 с. [Рэцэнзент Я. Лецка. Рэдактар М. Герчык. Мастак А. Кажаноўскі.];
- Пищальники не пищат. Повести. Якутск: Якутское книжное издательство, 1990. 320 с. [Заведующий редакцией В. Т. Сивцев. Наблюдала за выпуском М. М. Аржакова. Художник Е. Шапошникова.];
- Летапісная Літва: сваяцтва і лёс. Кніга-пошук. Койданава-Амма-Якуцк. Прыватнае таварыства «Згода» А. Баркоўскі. В. Пятрушкіна. 2000. 330 с.;
- Пішчальнікі не пішчаць: стралецкая быліна. Койданава, 2009. 119 с.;
- Аўтабіяграфія. Дзённікі. Койданава: Друкарня імя Кальвіна, 2010. 74 с.
- Эпілог. Раман. Койданава: Друкарня імя Кальвіна, 2010. 44 с.
Зноскі
Літаратура
- Иван Ласков // А. Егоров, В. Протодьяконов, В. Павлова. Писатели Якутии. Библиографический справочник. Якутск. 1981. С. 139—140;
- Е. Е. Алексеев. Обреченные. (По поводу статей И. Ласкова о М. К. Аммосове и П. А. Ойунском). Намцы. [РС(Я)] 1993. 111(1) с;
- Ласкоў Іван Антонавіч // Пісьменнікі Магілёўшчыны. Бібліяграфічны паказальнік. Магілёў. 1993. С. 141—142;
- Іван Ласкоў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990). Даведнік. /Склад. А. К. Гарадзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей./ Мінск. 1994. С. 327;
- Т. М. Махнач. Ласкоў Іван. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Пад рэдакцыяй прафесара А. В. Мальдзіса. Т. 4. Лазарук-Перкін. Мінск. 1994. С. 14-16;
- Л. М. Гарэлік. Ласкоў Іван [Біяграфія] // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Пад рэдакцыяй прафесара А. В. Мальдзіса. Т. 4. Лазарук-Перкін. Мінск.1994. С. 14;
- Иван Ласков // Писатели земли Олонхо. Биобиблиографический справочник. [Сост. Д. В Кириллин, В. Н. Павлова, С. Д. Шевков.] Якутск. 1995. С. 176;
- Борис Казанов. [Барыс Лапіцкі] Роман о себе. Тель-Авив [Ізраіль] Библиотека Матвея Черного. 1998. С. ?;
- Л. М. Гарэлік. Ласкоў Іван Антонавіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля ў 2-х тамах. Кніга 2-я. Мінск. 1999. С. 450;
- Л. М. Гарэлік. Ласкоў Іван Антонавіч… // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 9. Мінск. 1999. С. 143;
- Ласков Иван Антонович. // Северная энциклопедия. Москва. 2004. С. 492;
- Огрызко В. В. Ласков Иван Антонович. // Огрызко В. В. Русские писатели. Современная эпоха. Лексикон. Эскиз будущей энциклопедии. Москва. 2004. С. 287—288;
- Любоў Гарэлік. Ласкоў Іван Антонавіч. // Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў двух тамах. Т. 2. Мінск. 2006. С. 183;
- Уладзімер Арлоў. Іван Ласкоў // Уладзімер Арлоў. Імёны свабоды. Выданьне другое. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. 2009. С. 468—469;
- Алесь Баркоўскі. Іван Антонавіч Ласкоў /Спроба Бібліяграфіі/. Койданава. «Кальвіна», 2010. 130 с.
Гэты артыкул трэба вікі-аформіць. |