Іван Шамякін
Іва́н Пятро́віч Шамя́кін (30 студзеня 1921 — 14 кастрычніка 2004, Мінск) — беларускі савецкі пісьменнік, сцэнарыст і драматург, грамадскі дзеяч.
Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Народны пісьменнік Беларускай ССР (1972). Лаўрэат Сталінскай прэміі трэцяй ступені (1951). Член УКП(б) з 1943 года. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).
Біяграфія
Нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Гомельскага павета Гомельскай губерні (цяпер Добрушскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі) у сялянскай сям’і.
У 1936 годзе скончыў сем класаў Макаўскай школы, працягнуў вучобу ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў (1936—1940). Пасля заканчэння тэхнікума працаваў тэхнікам-тэхнолагам цагельні ў Беластоку. Яшчэ ў тэхнікуме пачаў пісаць вершы, удзельнічаў у паседжаннях літаратурнага аб’яднання пры газеце «Гомельская праўда». У 1940 годзе быў прызваны ў РСЧА, праходзіў службу ў Мурманску ў зенітна-артылерыйскай частцы, у 1944 годзе перадыслакаваны ў Польшчу, прымаў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі і ў Берлінскай наступальнай аперацыі ў складзе пражэктарнай роты 16.04.1945. У час Вялікай Айчыннай вайны камандзір гарматнага разліку, камсорг дывізіёна.
Пасля дэмабілізацыі ў кастрычніку 1945 года працаваў да 1947 года выкладчыкам мовы і літаратуры няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута.
У снежні 1945 года ўдзельнічаў у рабоце першага пасляваеннага пленума праўлення СП БССР.
У дзень працуючы ў школе, вечарамі праводзіў семінары агітатараў у калгасе. Збіраў матэрыял для рамана пра беларускіх партызанаў «Глыбокая плынь», які выйшаў у 1949 годзе.
У 1948—1950 гадах вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе.
Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Савецкая Айчына». З 1954 года шмат гадоў працаваў намеснікам Старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
У 1958 годзе ўдзельнічаў у пашыраным зборы сакратарыята СП СССР, на якім Барыс Пастарнак быў выключаны з ліку «савецкіх пісьменнікаў». У 1991 годзе прызнаваўся: «Я не ведаў Пастарнака асабіста… „Доктара Жывага“ я, вядома, не чытаў… ішоў за ўсімі, я верыў ім, старым і мудрым».
У 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на ХVІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963—1985). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971—1985).
Галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (1980—1992).
Памёр 14 кастрычніка 2004 года ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках.
Творчасць
Дэбютаваў у час Вялікай Айчыннай вайны нарысамі і вершамі ў армейскай газеце «Часовой Севера». У 1944 годзе напісаў апавяданне на беларускай мове «У снежнай пустыні» (апублікавана ў 1946 годзе). Першым буйным творам І. П. Шамякіна была аповесць «Помста», апублікаваная ў 1946 годзе ў беларускім часопісе «Полымя».
Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949, інсцэніраваны ў 1956), «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1957, пра жыццё сельскай інтэлігенцыі, экранізаваны рэжысёрам Іосіфам Шульманам на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1964 годзе), «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны відэафільм Беларускага тэлебачання, 1980), «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981), «Петраград — Брэст» (1983), «Зеніт» (1987). Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб’яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце» (1960, 1973, 1982). Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей: «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968), «Лес майго земляка» (1970), «Бацька і дзеці» (1971), «Сцягі над штыкамі» (1976), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, пастаўлены кінафільмы адпаведна ў 1978 і 1980), «Браняпоезд „Таварыш Ленін“» (1985), «У роднай сям’і» (1986), «Драма» (аповесці, гістарычныя сцэны, 1990), а таксама кніжка апавяданняў для дзяцей «У Маскву» (1950). У 1965—1966 гадах выйшаў Збор твораў у 5 тамах, у 1977—1979 гадах — у 6 тамах.
Аўтар п’ес «Не верце цішыні» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Выгнанне блудніцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1961, асобнае выданне ў 1962), «Дзеці аднаго дома» (апублікавана і пастаўлена ў 1967), «Экзамен на восень» (1973, пастаўлена ў 1974), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1977, пастаўлена ў 1977), «Залаты медаль» (1979, пастаўлена ў 1980). Аўтар сцэнарыя 4-серыйнага тэлеспектакля «Трывожнае шчасце» (з А. Гутковічам, пастаўлены ў 1968), кінасцэнарыяў «Крыніцы» (з Ю. Шчарбаковым, пастаўлены ў 1964), «Хлеб пахне порахам» (пастаўлены ў 1974), «Атланты і карыятыды» (пастаўлены ў 1978). У 1974 выйшаў зборнік кінааповесцей і п’ес «Экзамен на восень».
Аўтар кніг публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986).
У творах І. Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі. Ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці ў 1990-я гг., публіцыстычна-выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у жыцці станоўчага героя больш не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І. Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваенных гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Памяць
- У гонар І. Шамякіна названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
- У Мінску на фасадзе дома № 11 па вуліцы Янкі Купалы, у якім пісьменнік пражыў з 1969 па 2004 гады, устаноўлена мемарыяльная дошка.
- У 2006 годзе ў вёсцы Карма Добрушскага раёна ўсталяваны бюст І. Шамякіна (скульптары Дзмітрый і Іван Папоў).
- Пра І. Шамякіна зняты дакументальныя фільмы «Пакуль ёсць сіла» (1979, рэжысёр Д. Міхлееў), «Імгненні жыцця» (2000, рэжысёр В. Цэслюк, Беларускі відэацэнтр).
- У 2016 годзе ў аграгарадку Карма Добрушскага раёна ўстаноўлена мемарыяльная дошка І. Шамякіну ў гонар яго 95-годдзя на будынку Кармянскай сельскай бібліятэкі, якая носіць імя знакамітага земляка.
- 3 верасня 2022 года ў Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы адкрыты помнік І. Шамякіну (скульптары Уладзімір Піпін і Канстанцін Касцючэнка)[3] . У Добрушскім раённым краязнаўчым музеі адкрыта пастаянна дзеючая экспазіцыя, прысвечаная І. Шамякіну[4]
Узнагароды і званні
- Герой Сацыялістычнай Працы (29.01.1981)
- Ордэн Леніна (29.01.1981)
- Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (23.03.1976)
- Тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (25.02.1955; 28.10.1967; 29.01.1971)
- Ордэн Айчыннай вайны II ступені (06.04.1985)
- Ордэн «Знак Пашаны» (30.12.1948)
- Ордэн Дружбы народаў (14.05.1991)
- Ордэн Айчыны (Беларусь) III ступені (26.01.2001) — за вялікі асабісты ўклад у развіццё беларускай мастацкай літаратуры, актыўную творчую і грамадскую дзейнасць
- Медаль «За баявыя заслугі»
- Медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я»
- Медаль «За ўзяцце Берліна»
- Медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945»
- Медаль Францыска Скарыны
- Сталінская прэмія трэцяй ступені (1951) — за раман «Глыбокая плынь» (1949)
- Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа (1959)
- Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1968) — за раман «Сэрца на далоні» (1963)
- Літаратурная прэмія Міністэрства абароны СССР (1978)
- Дзяржаўная прэмія БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) — за кінафільм «Вазьму твой боль».
- Народны пісьменнік Беларускай ССР (1972).
- Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1980).
- Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).
Зноскі
- ↑ Шамякин Иван Петрович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ https://web.archive.org/web/20110929105928/http://www.radiobelarus.tvr.by/eng/news.asp?type=cont&id=1169&date=31.08.2006
- ↑ У скверы на праспекце Міра адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну
- ↑ В Добрушском краеведческом музее открылась постоянно действующая экспозиция, посвящённая Ивану Шамякину Архівавана 3 верасня 2022.
Літаратура
- Скурко А. Іван Шамякін: багатае жыццё // Наша гісторыя, № 3, 2018. — С. 4-12. ISBN 2617—2305
Спасылкі
Іван Шамякін у Вікіцытатніку | |
Іван Шамякін на Вікісховішчы |
- 20 нечаканых фактаў пра Івана Шамякіна
- І. Шамякін. Раман «Атланты і карыятыды». Аўтограф. 1971 г.
- Іван Шамякін у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- І. Шамякін. Бiблiяграфiя