Ігар Пятровіч Барысаў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Барысаў. Ігар Пятровіч Барысаў (нар. 24 мая 1982, Магілёў) — беларускі палітык, рэдактар і журналіст. Магістр палітычных навук. Старшыня Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Біяграфія
Нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і рабочых. У 2004 годзе скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (Магілёў), у 2009 годзе — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Жанаты, мае дзве дачкі.
У 2004—2006 гадах працаваў на заводзе «Магілёўліфтмаш», у 2009 годзе — у арганізацыі «Служба камплектацыі трубаправодаў — завод палімерных труб». У абодвух выпадках звольнены за палітычную дзейнасць. Цяпер працуе мэнэджарам у прыватнай фірме.
У 2018 годзе пераехаў з сям’ёй у Мінск.
Палітычная дзейнасць
У БСДП (Грамада) уступіў у 2001 годзе. З 3 жніўня 2008 года сябар ЦК БСДП, з 2009 года адказны за партыйную працу ў Магілёўскай вобласці, сябар Прэзідыума БСДП. З 10 кастрычніка 2010 года намеснік старшыні БСДП. З 13 сакавіка 2016 года першы намеснік старшыні БСДП. З 11 сакавіка 2018 года старшыня БСДП.
Член незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
21 сакавіка 2021 г. напярэдадні Дня Волі быў затрыманы праваахоўнікамі і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Журналісцкая і рэдактарская дзейнасць
Адзін з заснавальнікаў незалежнай рэгіянальнай газеты «НАШ Магілёў» (2006—2017). Выйшла 102 нумары. Галоўны рэдактар газеты «НАШ Магілёў» у 2010—2017 гадах.
Галоўны рэдактар партыйнага часопіса Рабочай групы «Жанчыны БСДП» «Адлюстраванне» (2011—2016). Выйшла 9 нумароў.
Галоўны рэдактар аналітычнага часопіса БСДП «Пазіцыя» (з 2018 года). Аўтар брашур «Беларуская сацыял-дэмакратыя і дыктатура» (2014), «Што такое дэкрэт № 3 і як яго абысці?» (2015), ініцыятар распрацоўкі «Праграмы дзеянняў БСДП» (2017)
Рэгулярна выступае са сваімі артыкуламі ў газеце «Народная Воля» і сайце naviny.by[1].