wd wp Пошук:

Ігнацій Іяўлевіч

Ігна́цій Іяўле́віч (ці Яўле́віч) (26 верасня 1619, г. Магілёў — каля 1686) — беларускі педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царкоўны дзеяч.

Біяграфія

Першапачатковую адукацыю атрымаў у горадзе Шклове. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча).

Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С. Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640).

У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, ЯрославеГаліцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш.

З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра.

Апекаваўся над мясцовымі паэтамі Ф. Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рускімі дзяржаўнымі і культурнымі дзеячамі Ф. Рцішчавым і А. Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царкоўнага сабора 1660 па справе патрыярха Нікана.

Апошнія звесткі пра Іяўлевіча ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студзень—сакавік 1686 года.

Літаратурная спадчына

З літаратурнай спадчыны Іяўлевіча дайшла яго аўтабіяграфічная запіска (на польскай мове, апублікавана С.Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гарадской адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культурныя ўзаемасувязі беларускага і ўкраінскага народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэлігійных і палітычных падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі Іяўлевіча яскрава выяўлены рысы сілабізму.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be