Іліяда
Ілія́да (стар.-грэч.: Ἰλιάς) — старажытнагрэчаская эпічная паэма аб Іліёне (Троі), якая прыпісваецца легендарнаму эпічнаму паэту Старажытнай Грэцыі Гамеру.
Прынята лічыць, што «Іліяда» ўзнікла ў 9—8 стагоддзях да н. э. у грэчаскіх іанійскіх гарадах Малой Азіі, на аснове паданняў крыта-мікенскай эпохі пра Траянскую вайну. Паэма напісана гекзаметрам (каля 15 700 радкоў), у 4—3 стагоддзях падзелена антычным філолагам Зенадотам Эфескім на 24 песні. «Іліяда» расказвае пра гераічную асаду Троі шматплямённым ахейскім апалчэннем на чале з мікенскім правадыром Агамемнанам. Галоўныя героі паэмы — Ахіл, Менелай, Гектар і іншыя правадыры.
«Іліяда» прадстаўляе свет цэласным, усёвымерным, якасна аднастайным. У старажытнасці паэма лічылася зводам ведаў, крыніцай філасофіі і паэзіі, разам з тым захавала высокую мастацкую і гістарычную каштоўнасць. Рэальнасць значнай колькасці гістарычных і геаграфічных фактаў эпічнай асновы засведчана археалагічнымі раскопкамі, якія пачаў нямецкі археолаг Генрых Шліман. У 1869 годзе ён выказаў смелую думку, што месцам Троі з’яўляўся курган Гісарлык у Малой Азіі. Раскопкі 1870—1890 гадоў пацвердзілі яго гіпотэзу, што гамераўскі эпас меў салідную фактычную аснову.
Змест паэмы
Твор апавядае пра падзеі дзесятага года аблогі Троі грэкамі-ахейцамі.
Хрыс, траянскі жрэц Апалона, звяртаецца да Агамемнана з прапановай выкупіць з палону сваю дачку. Хаця большасць элінаў згодны з гэтым, Агамемнан адмаўляе, выганяе Хрыса і абяцае зрабіць яго дачку рабыняй. Апалон карае грэкаў стрэламі, пасля чаго «на хаўтурных агнёх безупынна гарэлі іх целы». Пасля 9 дзён хваробы, насланай богам, Ахіл склікае ваенны сход, і пад яго ціскам Агамемнан пагаджаецца вярнуць дачку Хрыса, але наўзамен забірае Брысеіду, раней палоненую Ахілам. Раз’юшаны Ахіл абяцае, што ён і іншыя мірмідонцы больш не стануць ваяваць за Агамемнана. Адысей вызваляе дачку Хрыса і вяртае яе бацьку.
Ахіл ідзе да берага мора і звяртаецца да маці Фетыды. Зеўс праз Афіну абяцае Ахілу дапамогу. У сне ён прымушае Агамемнана атакаваць Трою. Агамемнан збірае новы ваенны сход, падчас якога просты воін Тэрсіт кажа пра агульную незадаволенасць вайной. Адысей спыняе Тэрсіта.
Грэчаскае войска збіраецца на раўніне насупраць Троі. Насустрач ім выходзіць траянскае войска. Гамер апісвае абедзьве арміі, паходжанне воінаў і саюзнікаў. Парыс прапануе спыніць бойку і сысціся ў паядынку з Менелаям. Правадыры грэкаў і траянцаў даюць згоду і клянуцца выконваць умовы сумленнага бою. Тым часам Алена і Прыам стаяць на мурах Троі. Алена апавядае траянскаму валадару пра кожнага са славутых грэчаскіх герояў, што прыйшлі на бітву. Паядынак скончваецца перамогай Менелая, але Афрадыта выратоўвае Парыса. Пандар, саюзнік Троі, пад уплывам Геры страляе ў Менелая з лука. Агамемнан вядзе грэкаў на траянцаў.
Бітва паміж ахейцамі, траянцамі і іх саюзнікамі нагадвае шэраг паядынкаў. Дыямед забівае Пандара і перамагае Энея. Апошняга выратоўвае ад смерці Афрадыта. Дыямед раніць багіню. Перад ім з’яўляецца Апалон з пагрозамі. Між тым, багі актыўна падтрымліваюць розныя бакі. Дыямед у шале зноў раніць бога, на гэты раз Арэса. Гектар гуртуе траянцаў і спыняе іх разгром. Ён вяртаецца за сцены Троі, моліцца, развітваецца з жонкай і дзецьмі, а потым зноў уступае ў бітву. Іх паядынак з Аяксам працягваецца да ночы, пасля чаго абодвы бакі разыходзяцца. Траянцы спрачаюцца, ці не вярнуць грэкам Алену. Парыс пагаджаецца кампенсаваць страты, але не выдаць яе. У той час ахейцы хаваюць забітых і будуюць сцяну, каб абараніць свой лагер і караблі.
Наступнай раніцай бітва ўзнаўляецца. На гэты раз перамагаюць траянцы. Зеўс забараняе Афіне і Геры ўмешвацца на баку грэкаў. Зноў наступае ноч. Траянцы спыняюцца на раўніне перад лагерам грэкаў. Агамемнан разумее сваю памылку і дасылае да Ахіла дэлегацыю, каб вярнуць Брысеіду і перадаць падарункі. Але Ахіл кажа, што ўступіць у бітву толькі, калі будзе пагроза караблям. Дыямед і Адысей выходзяць з лагера. Дыямед забівае траянца Далона, што апрануты ў ваўчыную скуру.
Зноў з раніцы грэкі б’юцца з траянцамі. Паранены Агамемнан і Дыямед. Ахіл накіроўвае Патрокла, каб той выведаў, што адбываецца. Патрокл атрымоўвае ад Нестара жартаўлівую параду перапрануцца ў даспехі Ахіла. Між тым, Гера вымушае Зеўса заснуць. Пасейдон карыстаецца гэтым, каб стаць на баку грэкаў і выгнаць траянцаў, што ўжо б’юцца на ўваходзе ў лагер. Зеўс прачынаецца і, раз’юшаны, дазваляе Апалону падтрымаць траянцаў. Траянцы прарываюцца да грэчаскіх караблёў.
Патрокл пытае ў Ахіла яго даспехі, каб уступіць у бітву. Ахіл пагаджаецца, але патрабуе, каб Патрокл спыніўся, калі мінуе пагроза караблям. Патрокл паспявае ў час, калі ўжо палаюць першыя караблі. Траянцы адступаюць. Патрокл забівае Сарпідона і гоніць траянцаў да самых гарадскіх муроў. Яго спыняе Апалон, а потым забівае Гектар. Гектар здымае з яго даспехі Ахіла, але вакол цела пачынаецца бойка. Ахіл чуе пра смерць Патрокла і пагражае забіць Гектара. Яго маці Фетыда сумуе, бо ў выпадку забойства Ахіл сам павінен памерці маладым. Афіна ахінае яго ззяннем, ён падыходзіць да сцяны лагера і крычыць. Спужаныя траянцы адступаюць ад цела Патрокла, і грэкі пераносяць яго ў лагер. Аднак Гектар адмаўляецца вяртацца ў горад і зноў спыняе траянскае войска на раўніне.
З наступленнем цемры ахейцы аплакваюць Патрокла. Па запыту Фетыды, Гефест стварае для Ахіла новы камплект даспехаў. Зранку Агамемнан выконвае абяцанне, дасылае Брысеіду і дары. Ахіл засмучаны. Ён апранае новыя даспехі, бярэ цяжкую дзіду і едзе на калясніцы на бітву. Б’юцца не толькі людзі, але і багі. Ахіл гоніць траянцаў, забівае іх і кідае ў раку. Бог ракі Скамандр спрабуе забіць Ахіла, аднак Гефест спыняе раку вогненным валам. Значная частка траянцаў выратоўваецца, бо Апалон ашукаў Ахіла і «вывеў аж во дзе у поле ад сцен». Ахіл вяртаецца да Троі, калі траянцы хаваюцца за мурамі. Толькі Гектар чакае яго каля брамы. Прыам і яго жонка ўгаворваюць сына адхіліцца ад бою. Гектар не пагаджаецца. Калі да яго пад’язджае Ахіл, траянец не вытрымлівае і спрабуе збегчы. Афіна спыняе Гектара. Ён гіне ад рукі Ахіла, а перад смерцю нагадвае, што той таксама павінен загінуць на вайне. Ахіл здзекваецца з цела забітага ворага і цягне яго за сваёй калясніцай.
Прывід Патрокла пытае Ахіла арганізаваць пахавальныя абрады і паклапаціцца пра тое, каб іх косці пасля смерці ляжалі разам. Падчас абрадавых гульняў Ахіл раздае грэкам падарункі. Зеўс незадаволены здзекваннем з цела Гектара, вырашае вярнуць яго ў Трою. Уначы з дапамогай Гермеса Прыам пракрадваецца ў лагер грэкаў і моліць Ахіла перадаць яму цела сына. Ахіл у смутку плача і дае згоду. Паэма скончваецца пахаваннем Гектара і смуткам траянцаў.
Пераклады
На беларускую мову паэма была ўпершыню перакладзена Браніславам Тарашкевічам. Цалкам пераклад не захаваўся.
Літаратура
- Іліяда // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. С. 197
- Тарашкевіч, Б. Выбранае. / Б. Тарашкевіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. ISBN 5-340-00498-8
- Шамякіна, Т. Антычная літаратура // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 213—242. ISBN 978-985-02-0925-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іліяда
- Грэчаскі тэкст на Вікікрыніцах
- Грэчаскі тэкст з інструментамі па перакладу