wd wp Пошук:

Адам Плуг

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пяткевіч.

Адам Плуг, сапр.: Антоні Антонавіч Пяткевіч (23 кастрычніка 1823, в. Замосце, Слуцкі павет, цяпер у Слуцкім раёне — 2 лістапада 1903) — польскі і беларускі пісьменнік, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі

Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім універсітэце (1845—1846). 3 1831 жыў у в. Жукаў-Барок над Нёманам на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У. Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Падоллі. У 1856 у Мінску сустракаўся з В. Дуніным-Марцінкевічам, С. Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864-66, Кіеў). 3 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў беларускага літаратурна-асветнага гуртка. У 1879-90 рэдактар часопіса «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 галоўны рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літаратурны кіраўнік часопіса «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894-99), уваходзіў у склад рэдакцыі газеты «Kurier Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903).

Творчасць

Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на беларускай мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяданні «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэтычны зборнік «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях беларускага жыцця. У зборніку «Каласы з роднай нівы» (1856) фальклорныя і хрысціянскія матывы. Рэалістычны паказ жыцця шляхты ў цэнтры сацыяльных раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866-67) і інш.

Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культурнае жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў В. Дуніну-Марцінкевічу і У. Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Г. Гейнэ, В. Гюго, А. С. Пушкіна, У. Шэкспіра. Творы Адама Плуга друкаваліся ў Мінску (у зборніку «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В. Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» У. Сыракомлі (т. 1-5, 1890).

Творы

  • Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz; Wilno, 1862—63.

Беларускія пераклады

  • Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4.
  • Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. № 7.

На беларускую мову асобныя яго творы пераклалі П. Бітэль, У. Мархель, К. Цвірка.

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1052094147 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 8 сакавіка 2015.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1052094147 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.

Літаратура

  • Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А. І. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.
  • Календарыюм // «Czasopis» № 10/2003.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты Польшчы Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты Польшчы Катэгорыя·Перакладчыкі Польшчы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be