Адольф Шніп
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шніп. Адольф Шніп (27 студзеня (30 лістапада) 1906, в. Пугачы, цяпер Валожынскі раён, Мінская вобласць — 4 студзеня 1985, в. Ваўжэньчыцы, Вроцлаўскі павет, Ніжнесілезскае ваяводства, Польшча) — беларускі каталіцкі святар лацінскага і візантыйскага абрадаў з Таварыства Ісуса, адзін з выдаўцоў беларускага рэлігійнага часопісу «Злучэнне», актыўны дзеяч дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».
Паходжанне
Нарадзіўся на Віленшчыне 30 лістапада 1906[1] у рымска-каталіцкай сям’і Вінцэнта Шніпа. Паводле сцверджання беларускага пісьменніка Віктара Шніпа, Адольф Шніп — яго кроўны сваяк[2], ён нарадзіўся і гадаваўся ў яго родных Пугачах Валожынскага раёна. Меў брата, які таксама быў каталіцкім святаром[3].
Ва Усходняй місіі айцоў-езуітаў
Да езуітаў уступіў у Альбярціне 21 лютага 1927 г.[1] На святара візантыйскага абраду пасвечаны ў Ковелі 16 чэрвеня 1935 г. Належыў да духавенства Віленскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі.
Ва Усходняй місіі айцоў-езуітаў у Альбярціне пэўны час быў кіраўніком дому, асістэнтам кіраўніка навіцыяту (соцыюш магістра навіцыяту), адным з рэдактараў беларускага ўнійнага штомесячніка «Да Злучэння» / «Злучэнне», які выдавалі беларускія езуіты[1].
У 1937-39 гг. у Вільні быў адміністратарам каталіцкай парафіі Маці Божай Суцяшэння візантыйска-славянскага абраду. Гэтай уніяцкай парафіяй апекаваліся езуіты, а для рэлігійных патрэбаў ёй у 1926 быў перададзены былы аўгусцінскі касцёл[4].
Вядома, што ў 1939 быў таксама прэфектам малой езуіцкай духоўнай семінарыі ў Вільні. Праводзіў духоўныя рэкалекцыі для беларускіх студэнтаў, што навучаліся ў Вільні[5].
У 1940-41 гг. у Кракаве прайшоў трэці этап выпрабаванняў на шляху сваёй духовай фармацыі (звычайна ў езуітаў гэта 8-10 мес.), які прадугледжаны Канстытуцыяй Таварыства Ісуса перад складаннем вечных зарокаў. Вядома, што затым працаваў на Падляшшы ў Кожухаве[1].
У паваенны час ва Вроцлаўскай архідыяцэзіі
У пасляваенны час жыў у Польшчы пад Вроцлавам, служыў у лацінскім абрадзе. Вядома таксама, што 01.07.1946 а. Адольф Шніп з нейкіх прычын пакінуў Таварыства Ісуса[1].
У 1945—1949 гг. быў першым пробашчам шматнацыянальнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Беляве пад Вроцлавам, утворанай на атрыманых пасля вайны ад немцаў землях. У 1948 вялікая парафія ў Беляве была падзелена на 2 часткі: горная і дольная, пробашчам апошняй быў кс. Адольф Шніп[6].
Наступным месцам служэння кс. Адольфа Шніпа была парафія Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Жараве (Вроцлаўская архідыяцэзія), дзе ён быў пробашчам у 1951—1953 гг.[7]
Пасля Жарува ў 2-й палове 1950-х ён працаваў пробашчам у парафіі Пекары-Уданін. Быў удзельнікаў усіх з’ездаў і канферэнцый мясцовага каталіцкага дабрачыннага таварыства «Карытас» Вроцлаўскай архідыяцэзіі[8].
Узнагароды і памяць
За актыўную дабрачынную дзейнасць у часы камуністычнай Польшчы кс. Адольф Шніп згодна з ухвалай Рады дзяржавы быў двойчы ўзнагароджаны «Залатым крыжам заслугі» (другі раз гэту ўзнагароду атрымаў 19 ліпеня 1954 г. «з нагоды 10-й гадавіны Народнай Польшчы за заслугі ў грамадскай працы»)[9].
У літургічным календары Легніцкай дыяцэзіі на 2011 год падаеца дзень малітоўнай памяці (дзень смерці) кс. Адольфа Шніпа: 4.01.1985 і мясцовасць, дзе ён пахаваны — Ваўжэньчыцы[10].
У кнізе ўспамінаў супрацоўнікаў «Карытасу» («Księża Caritas. Wspomnienia») змешчаны ўспаміны кс. Адольфа Шніпа «Znad Dniepru nad Odrę»[11].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 Sznip Adolf / Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski I Litwy 1564—1995. (Opracował Ludwik Grzebień). Wydział filozoficzny Towarzystwa Jezusowego, Wydawnictwo WAM. Kraków, 1996. S. 663—664
- ↑ З роду Шніпоў
- ↑ Браты-святары з Пугачоў
- ↑ Schematyzm Archidiecezji Wileńskiej z 1938 r.
- ↑ П. Дрыгоніч і П. Дрыгвіч. Успаміны аб Св. п. кс. др. Станісл. Глякоўскім / Беларускія рэлігійныя дзеячы стагоддзя. Жыццярысы. мартыралогія. Успаміны. (Аўтар-укладальнік Юрась Гарбінскі.) Мінск—Мюнхен, 199. С. 298.
- ↑ Kazimierz Aftanas. Monografia parafii pw. NMP w Bielawie
- ↑ Historia miejscowości Gminy Żarów (Żarów po 1945 r.)
- ↑ Patryk Medyński, Wiktor Kalita. Wicestarosta wspołpracował z UB-ecją. // Roland nr 2 (138), 2007, s. 12-13.
- ↑ Monitor Polski, № 108, s. 1498, poz. 1436
- ↑ Kalendarz liturgiczny diecezji Legnickiej na rok 2011 Архівавана 5 кастрычніка 2013.
- ↑ Ks. Adolf Sznip. Znad Dniepru nad Odrę / Księża Caritas. Wspomnienia. — Warszawa, Wydawnictwa Caritas, 1984. S. 391—400.