Адольф Юстынавіч Клімовіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Клімовіч.
Адольф Клімовіч (1900, вёска Клюшчаны, Свянцянскі пав., Віленская губ.; цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобл. — 24 лістапада 1970) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец.
Біяграфія
Удзельнік Беларускай канферэнцыі (1918) у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання часопіса «Маладое жыццё». Скончыў у 1921 годзе Віленскую беларускую гімназію, у 1928 годзе — Пражскі ўніверсітэт. Падчас вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнародных зносін Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА), удзельнічаў у міжнародных з’ездах і кангрэсах у Рыме, Жэневе і інш. У 1932—1939 рэдагаваў гаспадарчы часопіс «Самапомач», папулярызаваў ідэі кааперацыі. Дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, адначасова выкладаў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі.
У снежні 1938 інжынер А. Клімовіч высланы польскімі ўладамі з Вільні як «неанадзейны» элемент. Вярнуўся ў Вільню ў 1939, прымаў удзел у выданні газеты «Беларуская крыніца» (1939-40).
У II сусветную вайну працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў Лідзе. У 1952 арыштаваны органамі НКУС. 28.2.1953 ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, у красавіку 1953 расстрэл заменены 25 гадамі лагераў. У 1956 вярнуўся ў Вільню, склаў біяграфічны слоўнік беларускіх культурных і палітычных дзеячаў (рукапіс зберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі).
Пахаваны ў в. Клюшчаны.
Зноскі
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 199.
- Казлоўскі М. Нашчадак слаўных крывічоў: эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна. — Мінск : Кнігазбор, 2008. — 159 с. — ISBN 978-985-6852-25-4.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
Спасылкі
- Адольф Клімовіч — pawet.net
- «Завербаваць Клімовіча …» // gazetaby.com 18 студзеня 2018