Алег Аблажэй
Алег Аблажэй (6 мая 1954, в. Лезнявічы, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць — 18 мая 2016, Вільнюс, Літва) — беларускі мастак.
Біяграфія
Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (1977), Вільнюскі дзяржаўны мастацкі інстытут (1985). Мастацкі рэдактар газеты «Рунь», мастацкі афарміцель дзіцячага часопіса «Лола».
Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюструваў кнігі. У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча «Гуканне вясны», Д. Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве — «Шведскія казкі» Э. Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільнюсе — «Казка пра Султана» і інш. У 1984—1986 у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая А. Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Малюваў таксама партрэты вядомых дзеячаў, краявіды. Любімая яго тэма — жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.
У Літве Алега Аблажэя добра ведаюць не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюдзіса», супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Вільнюса. Член рады Таварыства беларускай культуры, суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар».
Пісаў сатырычныя фельетоны для газеты «Рунь».
Узнагароды
Узнагароджаны літоўскім медалём «За падзеі 13-га студзеня».
Бібліяграфія
- «Сем казак пра каралеўнаў» (1999, на польскай мове).
- «Красамоўнае сэрца». — Мінск: Мастацкая літаратура, 2015. — 71 с.
У зборніках
- Забароненая сукня // Нявеста для Базыля: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2017. — (Беларуская аўтарская казка).
Зноскі
Літаратура
- Мілаш Л. Аблажэй Алег: Старонкі будучага даведніка // Кантакты і дыялогі. 1999, № 4.