Алена Цэпрынская
Алéна Цэпры́нская (часам Цапрынская[1]; польск.: Helena Cepryńska[2]; літ.: Alena (часам Elena) Ceprinskaitė[3]; каля 1880, Случчына, Мінская губерня — 1930) — беларуская і літоўская пісьменніца, паэтэса, драматургіня, публіцыстка. Пісала па-польску, па-беларуску і па-літоўску.
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і дробнага шляхціца на Случчыне. У 1911—1918, верагодна, жыла ў Вільні. У 1913 г. працавала ў рэдакцыі польскамоўнай газеты «Lud». Актыўна супрацоўнічала з часопісам «Litwa». Беларускія вершы друкавала ў «Нашай Ніве»[4], пасля па-літоўску ў «Rygos Garsas», якая выходзіла ў Рызе.
Пасля Першай сусветнай вайны супрацоўнічала з беларускім друкам у Вільні. Лічыла сябе беларускай патрыёткай і сяброўкай літоўскай справы. У літоўскай прэсе ЗША — у газеце «Draugas» — Алена Цэпрынскайце (Цэпрынская) прыводзілася як удалы прыклад літуанізаванай польскамоўнай беларускі[3].
Дакладны год смерці невядомы (прыблізу лічыцца, што яна памерла ў 1930)[5], як і невядомы далейшы лёс пісьменніцы.
Творчасць
Галоўным чынам вядомая як паэтэса, творца «вершаванай публіцыстыкі» і казак[6].
Друкавалася ў Мінску, Вільні, Львове, Рызе і Варшаве. Вершы прысвечаныя гістарычнай памяці пра Літву і прыгажосці Міншчыны. Спачатку пісала па-польску. Дэбютавала ў 1907 з зборнікам «Poezje»[7]. Таксама ў 1907 дэбютавала па-беларуску з перакладам верша М. Горкага «Песня астрожніка»[1].
Пачынаючы з 1910 пачала пісаць да ўсяго па-літоўску — свае вершы і празаічныя творы друкавала ў газетах «Rygos Garsas» і «Draugas».
У 20-я гады 20 ст. свае беларускія вершы і апавяданні змяшчала пад псеўданімам Алёна ў часопісе «Авадзень», газетах «Сялянская ніва», «Krynica», «Bielaruskaja krynica».
Бібліяграфія
- Poezje (Wilno 1907)
- Odstępca. Obrazek dramatyczny (Wilno 1909).
Зноскі
- 1 2 Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 249.
- ↑ T. Sienkiewicz, Polskie życie literackie w Mińsku w XIX i na początku XX wieku (do roku 1921). Olsztyn 1997, s.140-142.
- 1 2 Draugas, 1910-11-24, N47, C. 514.
- ↑ Алёна Цэпрынская, Марыля, Наша Ніва, 21 снежня 1912, С. 3.
- ↑ Znad Wilii, 2014.1 (57), Wilno, s. 29.
- ↑ Zdzisław J. WINNICKI, Patriotycznospołeczna działalność kobiet Polek na dalszych Kresach. Cz.2, NR 4 (159) KWIECIEŃ 2019, Magazyn Polski, C. 14.
- ↑ T. Sienkiewicz, Polskie życie literackie w Mińsku w XIX i na początku XX wieku (do roku 1921). Olsztyn 1997, s.140-142.