wd wp Пошук:

Алесь Белы

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Белы. Алесь Бе́лы, поўнае імя Аляксандр Валер’евіч Бе́лы (нар. 1968, Мінск; Псеўданімы: Кухмістр Верашчака, Gorliwy Litwin) — беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг. Доктар гуманітарных навук (PhD), гісторыя (2008). Вядомы беларускі блогер.

Біяграфія

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1989), Кінгстанскую школу бізнесу ў Вялікабрытаніі (1996). Доктар гуманітарных навук (навуковая ступень прысвоеная Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Літвы).

Кірункі навуковай дзейнасці: гісторыя картаграфіі і замежных сувязяў ВКЛ, заходнееўрапейскі культурны, тэхналагічны і эканамічны ўплыў на фарміраванне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі, гістарычная іканаграфія Беларусі Сярэднявечча і новага часу.

Аўтар манаграфіі «Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы» (Мінск, 2000) — дэталёвай рэканструкцыі эвалюцыі зместу назвы «Белая Русь» у сістэмах геаграфічных ведаў розных народаў і эпох на падставе заходнееўрапейскіх тэкставых і картаграфічных крыніц VI—XVIII ст. Аўтар артыкулаў пра гісторыю Беларусі ў часопісах «Спадчына», «Наша Гісторыя», Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, Энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае», у англійскіх часопісах. Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі «Маем Рэчы» (БТ). Каардынатар праекту «Наша Страва» — рэканструкцыі гісторыі і сімволікі традыцыйнай кухні Беларусі, на падставе якога створана ў т.л. больш за 100 артыкулаў у Вікіпедыі, дзясяткі артыкулаў у газетах і часопісах, радыё- і тэле-сцэнароў.

Лаўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтра імя Францішка Багушэвіча (2001), Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшую манаграфію па гісторыі (2014).

Бізнес

У 2005 годзе Алесь Белы набыў шляхецкі дом у вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна, які рэканструяваў і з 2009 г. прапаноўвае агратурыстычныя паслугі.[1] Таксама А. Белы выступае кансультантам розных прадпрыемстваў грамадскага харчавання і вытворцаў прадуктаў па пытаннях беларускай і літвінскай гастранамічнай спадчыны. Найбольш вядомае яго супрацоўніцтва з рэстаранам нацыянальнай кухні ў цэнтры Мінска.[2]

Крытыка

Алеся Белага часта крытыкуюць за рэзка скептычнае стаўленне да беларускага нацыянальнага адраджэння, і ў асаблівасці да г.зв. «нацыянальнага наратыву». На думку некаторых актывістаў, у сваіх публічных выказваннях Алесь Белы выступае актыўным апалагетам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, абвінавачвае некаторых гістарычных дзеячоў беларускага адраджэння і сучасных беларускіх культурніцкіх актывістаў у нацызме, антыхрысціянстве і іншым. Алесь Белы вядомы як складальнік спісу «нацыстаў-беларутэнаў», у які ён ўключыў у тым ліку пісьменніка Уладзіміра Арлова.[3][4][5][6]

Выбраная бібліяграфія

Зноскі

  1. [Сядзiба Белых «Марцiнова Гусь» Малая Люцінка](https://www.radzima.org/be/object/3335.html)
  2. Рэстаран беларускай і літвінскай кухні «Кухмістр» ВІДЭА // Наша Ніва, 12 сакавіка 2014
  3. Пётр Рудкоўскі. Дасканалы дуэт: КГБ і Алесь Белы // Наша Ніва, 28.12.2008
  4. «Дзве грані нацыяналістычнае свядомасці — нацызм і паганства» // Наша Ніва, 28.12.2008
  5. Алесь Белый: «Белорусскую идентичность создала советская власть» // “Евразия Эксперт”, 6 верасьня 2016 г.
  6. Алесь Белый: Существует ли в Беларуси литвинский проект? // Regnum, 21 жніўня 2012 г.

Літаратура

  • Наша страва: сапраўдная беларуская кухня / [Алесь Белы і інш.]. — Мінск, 2010.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6, кн. 2. — Мінск, 2003.
  • Энциклопедия белорусской кухни / [редколлегия: Т. В. Белова и др.]. — Минск, 2008.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be