Алесь Ляжневіч
Алесь Ляжневіч (Аляксандр Францавіч; псеўданімы: Алесь Бяздольны; Язэп Церабеж; ініцыялы: А. Ф.; 1890, вёска Сенцяняты, Свянцянскі павет, Віленская губерня, цяпер Смаргонскі раён Гродзенская вобласць — 1937) — беларускі драматург і тэатральны дзеяч.
Біяграфія
У 1914 годзе быў мабілізаваны ў царскую армію; ваяваў на Румынскім фронце. У 1917—1920 гадах у Адэсе ў Чырвонай Арміі, працаваў у абласным тэатры, быў акцёрам бежанскай суполкі «Беларускі гай». Вучыўся ў прыватнай тэатральнай школе. З 1920 г. у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 — яго дырэктар. У 1922—1926 гадах у Маскве, дырэктар беларускай студыі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва, затым працаваў інспектарам Наркамасветы БССР па справах мастацтва. Публікаваўся з 1924 года. Разам з Янкам Купалам і Цішкам Гартным уклаў анталогію «Беларускі дэкламатар Чырвоны Дудар» (1924).
Член РКП(б) з 1919 года. У 1924 годзе падчас партыйнай чысткі быў выключаны з партыі з прычыны «адарванасці ад мас і палітычнай непісьменнасці».
З кастрычніка 1927 года кансультант, асістэнт рэжысёра на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе.
Арыштаваны АДПУ СССР 20.7.1930 г. у Ленінградзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 пастановай Калегіі АДПУ СССР сасланы на 5 гадоў у Пашахонне-Валадарск (Яраслаўская вобласць). Арыштаваны паўторна ў 1937 годзе. Расстраляны. Рэабілітаваны 15.11.1957 года.
Творы
- Новыя ўсходы: П’еса ў 6-ці актах. Мн., 1927;
- Таміла: Меладрама ў 5-ці дзеях. Мн., 1927;
- З дымам-пажарам: Рэвалюцыйная п’еса ў 3-х дзеях. Мн., 1928;
- Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі. Мн., 1928.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 420. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 423. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — С. 196. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
- Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. / пад агульн.рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т.2. — С. 37.
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 143. — 524 с.; іл.. — ISBN 5-85700-153-6.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.