wd wp Пошук:

Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч

Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) Карлюке́віч (нар. 6 студзеня 1964, в. Зацітава Слабада, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць, цяпер Беларусь) — беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст, дзяржаўны дзеяч. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2017—2020). Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2022).

Біяграфія

Нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. Бацька — Мікола Карлюкевіч — працаваў у мясцовым калгасе рабочым, маці (дзявочае прозвішча Ладуцька) была настаўніцай малодшых класаў. Старэйшая на 5 гадоў сястра Людміла займалася выхаваннем[1]. У пачатковую школу Алесь Карлюкевіч хадзіў у Зацітавай Слабадзе, а сярэднюю скончыў у Пухавічах.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1985) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2002). У 1981—1995 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Працаваў у газетах «Звязда» (1995—1998), «Чырвоная змена» (1998—2002) — галоўны рэдактар, «Советская Белоруссия» (2002—2006). У 2006—2011 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». Адначасова ў 2009—2011 гадах галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», што ўваходзіла ў склад названай установы.

8 лістапада 2011 года прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда». З лістапада 2012 года — адначасова выконваючы абавязкі, са снежня 2012 — дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». З кастрычніка 2011 года адначасова быў старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (да 2016 года)[2].

15 снежня 2016 года стаў намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, 28 верасня 2017 года — міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь[3]. Звольнены з пасады міністра 4 чэрвеня 2020 года. З ліпеня 2020 года — галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка»[4].

20 жніўня 2020 года зноў прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда» і дырэктарам Выдавецкага дома «Звязда»[5][6].

Член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. 22 сакавіка 2022 года на з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч быў выбраны старшынёй пісьменніцкай арганізацыі[7].

Творчасць

Аўтар шэрагу краязнаўчых кніг. У тым ліку:

  • «Вяртанне да… Беларусі» (1994),
  • «За Цітаўкаю — Слабада» (1997),
  • «Літаратурная карта Пухаўшчыны» (1998),
  • «Далёкія і блізкія суродзічы» (1999),
  • «Ігуменскі блакнот» (2000),
  • «Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна» (2000),
  • «І векавечны толькі край» (2000),
  • «Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняе» (2001),
  • «Былое маё ажывае» (2002),
  • «Блонь» (2007, у сааўтарстве з Б. Зубкоўскім),
  • «Зацітава Слабада» (2007),
  • «Сцежкамі Ігуменшчыны» (2008),
  • «Старонкі радзімазнаўства: Мясціны. Асобы. Краязнаўчыя нарысы» (2013),
  • «Прыгоды Шубуршуна» (2013),
  • «Новыя прыгоды Шубуршуна» (2014),
  • «Братэрства» (2014),
  • «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры» (2015),
  • «Роднымі сцяжынкамі» (2019),
  • «Ігуменскі павет (Падарожжа па родным краі)» (2020).

Погляды

У красавіку 2019 года ў інтэрв’ю газеце «Народная Воля» выказаўся супраць пашырэння беларускай мовы: «…Скажу прама і адкрыта, безумоўна, разумеючы, што выклічу шмат крытычных заўваг. Усе магчымыя меры пашырэння, заканадаўчыя ініцыятывы адносна ўсталявання, кантролю і гэтак далей нічога не прынясуць, акрамя гарачых спрэчак у грамадстве. Моўная рэчаіснасць у Беларусі склалася такая, якая склалася…»[8].

Узнагароды

Ацэнкі

У 2019 годзе палітолаг Вольф Рубінчык назваў А. Карлюкевіча нягеглым чыноўнікам, але неблагім краязнаўцам[10].

Зноскі

  1. https://nastgaz.by/ales-karlyukevich-vazhna-uves-chas-zastavatstsa-u-kantekstse/
  2. http://oo-spb.by/index.php?id=26
  3. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 «Об А. Н. Карлюкевиче»(руск.) . Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь (28 верасня 2017).
  4. Стала вядома, куды ўладкаваўся на працу былы міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч(нявызн.). baj.by (24 чэрвеня 2020). Праверана 3-2-2021.
  5. Дырэктарам-галоўным рэдактарам РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» прызначаны Аляксандр Карлюкевіч(нявызн.). zviazda.by (20 жніўня 2020). Праверана 3-2-2021.
  6. Валер Каліноўскі Пасьля пратэсту ў газэце «Звязда» зноў паставілі рэдактарам Карлюкевіча, экс-міністра інфармацыі(нявызн.). svaboda.org (20 жніўня 2020). Праверана 3-2-2021.
  7. zviazda.by
  8. Карлюкевіч пра беларусізацыю: Лепш скіраваць сілы на тое, каб беларуская мова ў СМІ была ўнармаванай, правільнай(нявызн.). nashaniva.by (30 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 13-5-2019. Праверана 13-5-2019.
  9. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2021 года № 322 «Аб узнагароджанні»
  10. https://belisrael.info/?p=21649

Літаратура

  • Карп, А. Жывыя паштоўкі // Роднае слова. — 2010, N 5. — С. 111.
  • Марціновіч А. Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. — Мн.: БелЭН, 2003. — С. 397.
  • Чыгрын, С. Па Беларусі з «Радзімазнаўствам». // Маладосць, 2011. — N 11. — С. 72 — 73.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Галоўныя рэдактары газеты «Звязда» Катэгорыя·Галоўныя рэдактары газеты «Чырвоная Змена»
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be