Альбомная лірыка
Альбо́мная лі́рыка — жанр інтымнай паэзіі XVIII—XIX стст., прызначанай для прыватнага карыстання.
Альбомныя вершы вызначаліся камернасцю гучання, драбнатэм’ем, невысокім мастацкім узроўнем. Зрэдку сярод іх сустракаліся і творы выдатных майстроў слова — А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава і інш. Адной з жанравых разнавіднасцей альбомнай лірыкі з’яўляецца мадрыгал, невялікі верш-камплімент, прысвечаны жанчыне. У беларускай паэзіі альбомная лірыка не атрымала пашырэння. Нават у адзіным вядомым «Альбоме» (1858—1863) А. Вярыгі-Дарэўскага змешчаныя не ўласна альбомныя вершы, а творы з больш або менш выразным грамадзянскім гучаннем. Сёння тэрмін «альбомная лірыка» ўжываецца для характарыстыкі вузка інтымнай паэзіі, пазбаўленай грамадзянскага гучання.
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.