Аляксандр Антонавіч Сянкевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сянкевіч.
Аляксандр Антонавіч Сянкевіч (20 студзеня (1 лютага) 1884, Мікалаеўшчына — 29 чэрвеня 1938) — беларускі савецкі грамадскі і палітычны дзеяч, навуковец, публіцыст.
Біяграфічны нарыс
З сям’і селяніна. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902)[1].
Настаўнічаў у сельскіх школах. Удзельнік аграрнага рэвалюцыйнага руху ў 1905—1906 гг. на Беларусі. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, на якім зрабіў даклад пра палітычнае становішча ў краіне, ролю настаўнікаў у грамадскім развіцці. З’езд быў разагнаны паліцыяй, за ўдзел у ім звольнілі 13 настаўнікаў, сярод іх Сянкевіча, а таксама К. Міцкевіча (Якуба Коласа), І. Фёдарава (Янку Маўра) і інш.
У канцы 1906 года Аляксандр Сянкевіч эмігрыраваў у ЗША. Працаваў на металургічных, дрэваапрацоўчых і швейных прадпрыемствах. Уключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць рускіх, беларускіх, польскіх рабочых-эмігрантаў. З 1908 года член рускага аддзела амерыканскай сацыялістычнай партыі. Перайшоў (1913) у арганізацыю «Індустрыяльныя рабочыя свету» (ІРС). Актыўна супрацоўнічаў у рускай рэвалюцыйнай прэсе.
Скончыў медыцынскі факультэт Балтымарскага ўніверсітэта (1913), займаўся медыцынскай практыкай. Жанаты з Ганнай Георгіеўнай Трызнай (1914).
Вярнуўся з эміграцыі на Далёкі Усход (лета 1917), член Прыморскай земскай управы. Арганізаваў мед. службу савецкіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе. Член выканкома і кіраўнік аховы здароўя савецкага Прымор’я (чэрвень 1919), начальнік медыцынскай службы Далёкаўсходняга савецкага партызанскага палка (канец 1919). Пэўны час узначальваў ваенна-рэвалюцыйную следчую камісію. Пазней займаў шэраг савецкіх і прафсаюзных пасадаў.
Аўтар шэрагу артыкулаў і брашуры па нацыянальным пытанні (1920-я), публіцыст.
З 1921 года наркам аховы здароўя БССР. З 1923 года на партыйнай рабоце ў Мінску, Барысаве і Віцебску. У 1924—1926 гадах загадчык беларускага сектара Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве. 3 1926 года дацэнт БДУ, з 1928 года — рэктар Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі імя Леніна, адначасова загадчык аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦК КП(б) Беларусі. У 1931—1932 гг. працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай АН. З 1932 года дырэктар Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, з 1933 года загадчык сектара Міжнароднай ленінскай школы, з 1935 года — ва Усесаюзным радыёкамітэце.
Член ЦК КП(б)Б у 1927—1932 гг., кандыдат у члены Бюро з 1928 года, член Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—1931 гг. Кандыдат у члены ў 1922—1924 гг., член ЦВК БССР у 1921—1922, 1927—1931 гг.
Пасля 1930 года ў палітычнай няласцы, высланы з Беларусі. Арыштаваны 10 студзеня 1938 года, у чэрвені Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны 6 кастрычніка 1956 года.
Вобраз у мастацтве
Аляксандр Сянкевіч быў неаднаразова выведзены ў літаратурных творах: Я. Коласам, як Алесь Садовіч у трылогіі «На ростанях» і як правобраз Бас-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі», А. Фадзеевым, як доктар Сташынскі ў рамане «Разгром».
Ушанаванне памяці
Імем Аляксандра Сянкевіча названа вуліца ў Мікалаеўшчыне.
Бібліяграфія
- Успаміны з рэвалюцыі 1905—1906 гг. // Полымя. 1923. № З;
- Аграрны рух на Меншчыне ў 1905—1906 гг. // Наш край. 1925. № 1;
- Класавая барацьба ў беларускай літаратуры // Бальшавік Беларусі. 1930. № 8/9;
- За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы. Мн., 1931;
- Вандраванне Васіля. Мн., 1932.
Зноскі
- ↑ Вучыўся там разам з К. М. Міцкевічам — Якубам Коласам. Меў у семінарыі мянушку «Бас».
Літаратура
- Камароўскі А. Хроніка аднаго жыцця // Полымя. 1973. № 4
- Кісялёў У. І Прататып у класічных творах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — № 4. — Мн.: Полымя, 1987. — ISSN 0131-2669. С.12—13.
Спасылкі
- Скрыжалі лёсу Алеся Сянкевіча — beldumka.belta.by