wd wp Пошук:

Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі

Экслібрыс А. Шлюбскага працы Я. Мініна

Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі (16 чэрвеня 1897, Межава, цяпер Расонскі раён Віцебская вобласць — 1941?; псеўданімы: Алеся Гаротная, Звястун, А.Зніч, Казальнік, Этнограф; крыптанімы: А., А. Г., А. Ш., Ал. Ш., Ал. Ш-скі.) — беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнаўца.

Біяграфія

У 1922 годзе скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1918—1923 гадах удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку. 3 1923 года працаваў у Інбелкульце, у 1929—1930 гадах — у Інстытуце гісторыі АН БССР. Друкаваўся ў часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк», у газеце «Савецкая Беларусь». Склаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі» (1919). Выступаў з артыкуламі пра культурна-асветнае жыццё Віцебшчыны, Мінска, пра падзеі грамадзянскай вайны на Беларусі, пра гісторыю беларускай літаратуры, перыядычнага друку: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Да гісторыі канфіскацыі „Нашай нівы“» (1925), «„Мужыцкая праўда“ К. Каліноўскага» (1926). Даследаваў старажытныя вераванні, матэрыяльную культуру беларусаў. Аўтар нарысаў-партрэтаў Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, 3. Бядулі, У. Дабравольскага.

У творчай дзейнасці вучонага ёсць дзве фундаментальныя працы, якія не страцілі свайго значэння і сёння. Першая — грунтоўны бібліяграфічны даведнік «Матэрыялы да беларускае бібліяграфіі» (т. 4. Этнаграфія. 1927). У ёй сабраны, пазначаны, сістэматызаваны велізарны матэрыял — усё, што пісалася, публікавалася пра духоўную і матэрыяльную культуру беларусаў у рускай і польскай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, перыядычных выданнях, назапашвалася ў архіўных сховішчах. Прадоўжыць гэту працу Шлюбскага, нягледзячы на неаднаразовыя спробы вучоных, не ўдалося. Другая грунтоўная праца А. Шлюбскага (яна найбольш ацэньваецца фалькларыстамі) — яго «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1-2, 1927-28). Першапачатковая аўтарская назва збору «Крывічы». Збор змяшчае каляндарную і сямейна-абрадавую творчасць Віцебшчыны як этнаграфічнага рэгіёна. Кожнаму апублікаванаму цыклу Шлюбскі перадпаслаў бібліяграфію ўжо сабраных народна-паэтычных твораў, прадмову, у якой улічаны абрадавыя аспекты рэгіянальнага фальклору. Запісы зроблены і пададзены з улікам дыялектных асаблівасцей мовы ўсяго Падзвіння.

У 1933 годзе ў часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» і іншых выданнях з’явіўся артыкул «Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна[1]» аўтарства Віталя Зэйдэль-Вольскага. У тэксце даводзілася, што Мінін займаецца класавым шкодніцтвам.

Віталь Зэйдэль-Вольскі пісаў: «Экслібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнографізмам. У цэнтры яго знаходзіцца курган. З левага боку кургана сядзіць стары селянін і грае на цымбалах. На кургане сядзіць таксама стары і грае ў дуду. Побач з ім яшчэ адзін стары ў саламяным капялюшы стаіць і грае на трубе. Нацдэм Шлюбскі з задавальненнем знаходзіў у гэтых экслібрысах работы Мініна яскравыя адбіткі беларускага „нацыянальнага адраджэння“».

Арыштаваны ДПУ БССР 3 красавіка 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; паводле пастановы Калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года высланы тэрмінам на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад (па гэтай справе рэабілітаваны 19.9.1960). Паўторна арыштаваны ў чэрвені 1935 УНКВД па Ленінградскай вобласці. Асобай нарадай пры НКУС СССР 16.11.1935 прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы. У 1990 годзе пракуратура Ленінграда адмовіла ў рэабілітацыі па гэтай справе. Групавая справа А. Шлюбскага і іншых № 20951-с захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

Асноўныя творы

Літаратура

  1. https://files.knihi.com/Knihi/Pieryjodyka/Viciebski_proletary.zip/1933-021.pdf
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be