Аляксандр Асіпчык
Аляксандр Асіпо́віч-Асі́пчык (1 красавіка 1909, Слонім[1], або в. Пляшкі Гродзенскай губерні — 14 сакавіка 1990, Джэксан[en], Нью-Джэрсі, ЗША; Псеўданімы: Зніч) — беларускі грамадскі і царкоўны дзеяч.
Біяграфія
Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я (7 чалавек) выехала ў бежанства ў Чалябінскую губерню. Там ад сухотаў памёр бацька, а потым яшчэ дзве сястры. Пра гэта ён пазней успамінаў так:
«Калі выбухла вайна 1914 г., мне было пяць гадоў, а ў шостым, г. зн. 1915 г., неяк у жніўні, бо якраз звозілі снапы з поля ў гумна, наехала з захаду дзіч расейскіх казакаў, якія пачалі гвалтам выганяць людзей у бежанства, падпальваючы хаты. Гэтак і мне прыйшлося з сям’ёю „эвакуявацца“ з Беларусі на ўсход, і як памятаю, праехаўшы праз Бытэнь на шлях шашы Берасце—Слуцк—Магілёў—Калуга, неяк у лістападзе пагрузілі нас у вагоны й адправілі ў Астраxань. Сям’я мая была досыць вялікая: сем асобаў. Таму едучы дарогай, яшчэ разам, бацька мой начаваў пад возам, а пры частых дажджах прастудзіўся на лёгкія і пасля пяці гадоў памёр на сухоты, ужо ў Сібіры Чэлябінскае губерні. У хуткім часе яшчэ ўмярлі мае дзве сястры, і я астаўся з маткай і дзвюма сёстрамі, адной малодшай, другой старэйшай[2]».
Падчас вяртання ў Беларусь у 1921 годзе памерла маці, пакінуўшы Алеся з сястрой сіротамі. Дзеці трапілі пад апеку Чырвонага Крыжа, які перадаў іх у прытулак на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра.
Служыў у 4-м авіяцыйным палку ў Торуні. У 1932—1935 гадах жыў у Вільні.
У гады Другой сусветнай вайны браў удзел у дзейнасці беларускіх грамадскіх і культурна-нацыянальных арганізацый. Стварыў у верасні 1941 года ў Слоніме Рамесную школу. Увесну 1942 года ажаніўся з інструктаркай школы Верай Сілівончык.
Быў прыхільнікам беларусізацыі праваслаўнай царквы, удзельнік Беларускага Царкоўнага Сабору 1942 года[1]. Увосень 1943 года арыштаваны немцамі па даносе. Разам з ім тады былі схоплены Стэфа Лыскавец — народная спявачка, Сяргей Новік-Пяюн — дырэктар Слонімскага музея, паэт, і іншыя беларускія дзеячы. Праз пэўны час вызвалены з-пад арышту.
Ад лета 1944 года на эміграцыі ў Германіі. Матэрыяльна падтрымліваў беларускіх скаўтаў у Рэгенсбургу. Супрацоўнічаў з беларускім праваслаўным часопісам «Звіняць званы Святой Сафіі». Быў асабіста знаёмы з Юркам Стукалічам.
Спачатку шчыльна супрацоўнічаў з беларускімі епіскапамі, а пасля пераходу іх у 1946 годзе ў склад РЗПЦ стаў іх праціўнікам. У 1947 годзе ў Заходняй Германіі заснаваў Беларускае праваслаўнае таварыства Жыровіцкай Божай Маці, што мела суполкі ў розных краінах[1]. У 1947 годзе выдаў брашуру «Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр».
У сакавіку 1950 года выехаў у ЗША. Пэўны час жыў у Нью-Ёрку. Пазней працаваў у Нью-Брансуіку на фабрыцы. Пасля пяці гадоў побыту ў г. Таронта (Канада) вярнуўся ў ЗША. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Жыровіцкага праваслаўнага брацтва. З 1950-х гадоў быў звязаны з Рускім аб’яднаннем таварыства ўзаемадапамогі (РАТУА). Выступаў на старонках беларускіх эмігранцкіх выданняў («Беларускі праваслаўны каляндар на 1968 г.», Нью-Ёрк, 1967, «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). У 1948—1965 гадах выдаваў часопіс «Сіла веры»[1]. Апошнія гады жыцця правёў у Джэксане[en] (штат Нью-Ёрк), дзе і памёр. Пахаваны там жа на мясцовых могілках «Фармы РАТУА».
Творы
- Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі Манастыр. — Баварыя, 1947. — 31 с.
- Я Сьвятло Сьвету. Сьвятыя Беларускага народу (1984)
Галерэя
- Вера Селівончык
- Вокладка брашуры А. Асіповіча-Асіпчыка “Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі Манастыр”
- Адзін з канвертаў ад Аляксандра Асіпчыка з 1971 года.
Зноскі
Літаратура
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
- Асіповіч-Асіпчык Аляксандар // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Ю. Гарбінскі. — Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — ISBN 985-6318-65-3
- Вініцкі А.;
- Беларус (Нью-Ёрк). 1990. № 369;
- Кіпель В.
- Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва / Рэд. Бэрд Томас Э. Рэд.калегія: Гардзіенка Натальля (рэдактар нумару), Гардзіенка Алег, Юрэвіч Лявон, Запруднік Янка, Кіпель Вітаўт, Сагановіч Генадзь, Станкевіч Юрка, Шупа Сяргей. — Нью-Ёрк - Менск: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2011. — Vol. 34. — 361 с.
- Чыгрын С. М. Яны больш ніколі не сустрэліся // Ад Слоніма да Жыровіч : Гісторыка-краязнаўчыя артыкулы / С. М. Чыгрын. — Баранавічы : Выдавец А. Г. Хахол, 2020. — 130 с. — ISBN 978-985-7218 — С. 72-80.