Аляксандр Баршчэўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Баршчэўскі.
Аляксандр Баршчэўскі (псеўд. Алесь Барскі, 2 лістапада 1930, в. Бандары, Беластоцкае ваяводства — 28 сакавіка 2022) — беларускі паэт, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культурны дзеяч. Доктар філалагічных навук (1984).
Біяграфія
Нарадзіўся 2 лістапада 1930 года ў вёсцы Бандары ў гміне Міхалова на Беласточчыне.
Скончыў Лодзінскі ўніверсітэт у 1955 годзе. 3 1956 выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта. У 1966 абараніў у Варшаўскім універсітэце кандыдацкую дысертацыю на тэму «Творчасць Я. Коласа 1906—1930 гадоў»; загадчык кафедрай беларускай філалогіі гэтага ўніверсітэта[1] з 1975. Узначальваў Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа» пры Галоўным праўленні Беларускага грамадска-культурнага таварыства.
У 1975—2004 ён узначальваў аддзяленне Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. Супрацоўнічаў з Люблінскім каталіцкім універсітэтам і Універсітэтам Марыі Складоўскай-Кюры. У 1993 годзе атрымаў званне ганаровага доктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. З 1993 года з’яўляецца старшынёй Цэнтральнага камітэта Алімпіяды па беларускай мове(польск.) бел. ў Польшчы.
Памёр 28 сакавіка 2022 года на 92-м годзе жыцця[2].
Творчасць, даследчыцкая дзейнасць
Друкаваўся з 1956 года. Як паэт дэбютаваў у зборніку «Рунь» (Беласток, 1959). Аўтар паэтычных зборнікаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мінск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мінск, 1987). У паэзіі А. Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка.
Даследчык і папулярызатар старажытнай і сучаснай беларускай літаратуры. Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры (у штотыднёвіку «Ніва» і «Беларускім каляндар»)[1] і цыклу артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (1965—88), універсітэцкіх падручнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры — фальклор» (1976), «Гісторыя беларускай літаратуры — пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага» (1981) і інш.
Пераклаў на польскую мову зборнік беларускіх народных казак «Д’ябальская скрыпка» (1973)[1] зборнік казак Міншчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны «Невычэрпны збан» (1976). Складальнік, аўтар прадмовы і біяграфічнага артыкула да кнігі Я. Купалы «Выбраныя паэтычныя творы» (Варшава, 1984), для якой пераклаў на польскую мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы. Збірае, публікуе і даследуе беларускі фальклор Беласточчыны. Аўтар зборніка абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «3 пабачанага і перажытага» (Мінск, 1992).
Зноскі
- 1 2 3 Барщевский Александр // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 43. — 737 с.
- ↑ Памёр беларускі паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Lesław M. Bartelski: Polscy pisarze współcześni, 1939—1991: Leksykon. Wydawn. Nauk. PWN. ISBN 83-01-11593-9.
Спасылкі
- Aleksander Barszczewski na stronie Uniwersytetu Warszawskiego Архівавана 30 жніўня 2011. (польск.)
- Aleksander Barszczewski na stronie bialorus.pl Архівавана 18 верасня 2010. (польск.)