wd wp Пошук:

Аляксандр Валянцінавіч Вампілаў

Аляксандр Вампілаў (1937, гор. Чаромхава, Іркуцкая вобласць, Расія — 1972, воз. Байкал, Іркуцкая вобласць, Расія) — расійскі драматург.

Біяграфія

Нарадзіўся 19 жніўня 1937 годзе ў горадзе Чаромхава Іркуцкай вобласці (Расія) ў сям’і педагогаў. Бацька будучага драматурга ў 1938 годзе быў рэпрэсаваны і расстраляны. Маці гадавала чатырох дзяцей і працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе. Менавіта маці мела пераважны ўплыў на фарміраванне асобы А. Вампілава.

Пасля заканчэння школы паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Іркуцкага ўніверсітэта. Яшчэ студэнтам пятага курсу стаў літаратурным супрацоўнікам абласной газеты «Савецкая моладзь». У газеце працаваў — потым у якасці загадчыка аддзела і адказнага сакратара — да 1964 года.

Пасля заканчэння працы ў газеце А. Вампілаў цалкам прысвячае сябе пісьменніцтву. Неўзабаве ў Іркуцку выходзяць два калектыўныя зборнікі з яго апавяданнямі.

Спробы зацікавіць маскоўскія тэатры пастаноўкай сваёй першай вялікай п’есы, камедыі «Развітанне ў чэрвені» скончыліся безвынікова [4].

Прарывам Вампілава на савецкую тэатральную сцэну стала пастаноўка «Развітання ў чэрвені» ў 1966 годзе Клайпедскім драматычным тэатрам (галоўны рэжысёр Повілас Гайдзіс). Ажыццявіў гэту пастаноўку беларускі рэжысёр Вадзім Дапкюнас. У гэтым жа годзе А. Вампілаў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Поспех клайпедскай пастаноўкі расчыніў дзверы савецкіх тэатраў для творчасці А. Вампілава: у 1970 годзе п’еса «Развітанне ў чэрвені» ішла ўжо ў 8 тэатрах краіны, але, на жаль, пакуль не ў сталічных тэатрах.

Толькі ў 1972 годзе стаўленне цэнтральнага тэатральнага асяроддзя СССР да п’ес Вампілава пачынае паступова змяняцца. Яго п’есы ставяць маскоўскія тэатры імя Ярмолавай і Станіслаўскага, ленінградскі Вялікі драматычны тэатр.

І менавіта на жыццёвым і творчым узлёце А. Вампілава напаткала заўчасная смерць — за два дні да свайго 35-годдзя ён трагічна загінуў на беразе возера Байкал: лодка, ў якой ён быў разам з сябрам, перакулілася, Аляксандр даплыў да берага, але яго сэрца не вытрымала доўгага знаходжання ў ледзяной вадзе.

Сапраўднае прафесійнае і грамадскае прызнанне таленавітыя творы А. Вампілава атрымалі толькі пасля яго трагічнай смерці. Пачалі друкаваць яго кнігі, распачаліся здымкі фільмаў па яго творах. Адна толькі п’еса «Старэйшы сын» у свой час адначасова ішла ў 44 тэатрах Савецкага Саюза[4].

У Іркуцкай вобласці адкрыты дом-музей драматурга. Яго імя прысвоена Іркуцкаму тэатру юнага гледача, бібліятэцы, цеплаходу. З 1997 года ў Іркуцку праводзіцца Усерасійскі фестываль сучаснай драматургіі імя Аляксандра Вампілава [5].

Помнік А. Вампілаву ў Іркуцку

Творчасць

Першае апавяданне — «Збег абставін» — было надрукавана яшчэ ў студэнцкія гады ў газеце «Іркуцкі ўніверсітэт» (1958). Гэтае апавяданне дало імя першай кнізе гумарыстычных апавяданняў і сцэн А. Вампілава (1961).

Першай тэатральнай формай у творчасці А. Вампілава сталі аднаактовыя п’есы: «Дваццаць хвілін з анёлам» (1962) і «Дом вокнамі ў поле» (1963).

У 1964 годзе напісаная першая вялікая п’еса А. Вампілава — камедыя «Развітанне ў чэрвені». Да працы над ёй драматург звяртаўся неаднаразова: вядомыя чатыры варыянты п’есы.

Потым з-пад пяра драматурга выходзяць шырокавядомыя сёння творы: камедыя «Старэйшы сын» (1965), п’еса «Паляванне на качак» (1968), драма «Летась улетку ў Чулімску» (1971). Аднаактовая п’еса «Гісторыя з метранпажам» разам з ранейшым творам драматурга «Дваццаць хвілін з анёлам» утварыла п’есу «Правінцыяльныя анекдоты».

Пераклады твораў

Творы Аляксандра Вампілава перакладзены на англійскую, балгарскую, беларускую[6], кітайскую, латышскую, лезгінскую, мадзярскую, малдаўскую, мангольскую, нарвежскую, нямецкую, польскую, румынскую, сербскую, славацкую, французскую, чэшскую, эстонскую і іншыя мовы свету.

Драматургічныя творы

  • 1963 «Дом вокнамі ў поле»
  • 1964 «Развітанне ў чэрвені»
  • 1965 «Старэйшы сын»
  • 1968 «Правінцыяльныя анекдоты»
  • 1968 «Паляванне на качак»
  • 1971 «Летась улетку ў Чулімску»

Фільмаграфія

  • 1975 «Летась улетку ў Чулімску» (тэлеспектакль)
  • 1976 «Старэйшы сын»
  • 1979 «Гісторыя з метранпажам»
  • 1979 «Адпачынак у верасні» (па п’есе «Паляванне на качак»)
  • 1981 «Валянціна» (па матывах п’есы «Летась улетку ў Чулімску»)
  • 1989 «Дваццаць хвілін з анёлам»
  • 1990 «Правінцыяльны анекдот»
  • 2003 «Развітанне ў чэрвені»

Літаратура

  • Александр Валентинович Вампилов. Библиографический указатель // Составитель Елизарова Э. — Иркутск: Упрполиграфиздат, 1989. — 240 с.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Alexander Walentinowitsch Wampilow // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 Aleksandr Vampilov // Babelio — 2007.
  4. 1 2 Біяграфія А. Вампілава Архівавана 15 сакавіка 2016.
  5. Фестиваль современной драматургии им. А. Вампилова
  6. «Мінулым летам у Чулімску» (пераклад Анатоля Бутэвіча)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Расіі Катэгорыя·Пісьменнікі СССР
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be