wd wp Пошук:

Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сержпутоўскі. Аляксандр Казіміравіч Сержпуто́ўскі (21 чэрвеня 1864, в. Бялевічы, Слуцкі павет — 5 сакавіка 1940) — беларускі і савецкі этнограф, фалькларыст, мовазнавец, літаратар. Аўтар 45 друкаваных навуковых прац, удзельнік 25 этнаграфічных, антрапалагічных, лінгвістычных экспедыцый.

Узнагароджаны Малым залатым медалём Аддзела этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства (за «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак»).

Біяграфія

З сям’і ляснога вартаўніка. Скончыў Вызненскае народнае вучылішча (1880), Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884)[1], Пецярбургскі археалагічны інстытут (1904). Супрацоўнік этнаграфічнага аддзела Рускага музея (19061930). Правадзейны член Інстытута беларускай культуры.

Настаўнічаў у Слуцкім і Мазырскім паветах (1884—1893). Праводзіў этнаграфічныя экспедыцыі, даследаваў палескую частку Беларусі па левых прытоках Прыпяці (1906). Наватар беларускай этнаграфічнай навукі і фалькларыстыкі; адзін з першых сярод фалькларыстаў звярнуў увагу на казачнікаў. Сваёй працай паказаў наяўнасць глыбокага філасофскага мыслення ў беларускай народнай прозе. Этнаграфічная экспедыцыя ў Пермскую губерню (верасень 1920). Этнаграфічныя паездкі па Беларусі, па Смаленскай і Пскоўскай вобласцях (19231927)[2].

Удзельнік Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926). Прапагандыст беларускай культуры, складальнік вопісаў беларускай калекцыі, адпраўленай на міжнародную выстаўку ў Ліверпулі (1939).

Шмат прац Сержпутоўскага не збераглося, у тым ліку і яго галоўная праца «Быт беларусаў». Яны, разам з архівам Беларускай Акадэміі навук, былі вывезены ў Германію і прапалі.

Асноўныя творы

  • Першая публікацыя — нарыс «Голас з глушы» у «Мінскіх губернскіх ведамасцях» (1891).
  • Этнаграфічны нарыс «Беларусы-палешукі» (каля 1906).
  • Зборнік «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911).
  • Рукапісны «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак». Зв. 6 тыс. тэкстаў.
  • «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930).
  • «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы». Работа высока ацэнена Я. Карскім.
  • Збор песень з Горацкага, Чавускага, Мсціслаўскага, Клімавіцкага раёнаў, разам з кампазітарам Я. Прохаравым (1924). Лёс рукапісу невядомы.

Памяць

На хутары паблізу ад вёсак Пярэвалакі і Чудзін Ганцавіцкага раёна, дзе ў 1864—1885 гадах жыў А. Сержпутоўскі, у 2003 годзе ўсталявалі памятны знак[3].

Зноскі

  1. Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн., БелЭн, 1989. с.459
  2. Бондарчик А., Федосик А. А. К. Сержпутовский. — Мн.: Науки и техника, 1967. — 119 с.
  3. Памятный знак Сержпутовскому Александру Казимировичу // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал [Электронны рэсурс] — Дата доступу 16.10.2015

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be