Аляксандр Коўш
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Коўш. Аляксандр Коўш (1890, в. Рыдзялі Гродзенскі павет, цяпер Гродзенскі раён — 1943) — беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч.
Біяграфія
Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Століншчыне. Пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка, з якім напачатку 1-й сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп.
У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і ў Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 года ў Вільні, настаяцель прыхода ў Шніпішках (цяпер у межах горада), галоўны бухгалтар Беларускага кааператыўнага банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы. У 1928—1929 гадах рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопіса «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры. За ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху пазбаўлены польскімі ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастылі Вілейскага павета.
У 1939 годзе вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 годзе прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 годзе за садзеянне выратаванню яўрэйскага насельніцтва арыштаваны гестапа ў Плешчаніцах і расстраляны.
Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюз[1].
Зноскі
- ↑ У Вільні зьнесьлі дом Зоі Каўшанкі // Наша Ніва, 18 ліст. 2008
Літаратура
- Горны А. Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця // Гродненские епархиальные ведомости № 11, 2011. — С. 13-17.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.