Аляксандр Львовіч Раманаў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Раманаў. Аляксандр Львовіч Раманаў (1949—2005) — гродзенскі журналіст, удзельнік выступлення супраць увода войскаў СССР у Чэхаславакію, палітычны зняволены ў БССР.
Біяграфія
Нарадзіўся 12 верасня 1949 года ў Гродне ў сям’і ваеннаслужачага. Бацька загінуў у 1951 годзе ў Аўстрыі. Выхоўвалі Аляксандра маці Надзея Віктараўна (працавала аграномам) і бабуля Настасся Мікалаеўна. Пражыў усё жыццё (за выняткам гадоў зняволення) у Гродне. З 1978 жыў у драўляным доме на вуліцы Льва Талстога.
У 1966 годзе паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт.
Увосень 1968 года разам з сябрам Сяргеем Каленчанкам на знак пратэсту супраць уводу войскаў СССР у Чэхаславакію размаляваў інстытуцкую галерэю партрэтаў членаў Палітбюро сімваламі Пражскай вясны. Абое былі арыштаваныя КДБ і ў 1969 годзе асуджаныя да зняволення: Раманаў — на 4 гады, Каленчанка — на 3 гады. Акцыю студэнтаў КДБ і партыйныя органы Гродна выкарысталі як нагоду для запалохвання і пераследу Васіля Быкава, Аляксея Карпюка і Барыса Клейна[1].
Тэрмін адбываў у адной з аршанскіх зон. Пасля выхаду са зняволення працаваў грузчыкам, наладчыкам, на іншых падобных працах. Адначасова арганізаваў дома багемны салон, дзе збіраліся Сяргей Каленчанка, шахматыст Яўген Рубан (чэмпіён Ленінграда 1966 года і пераможца чэмпіянату БССР 1975 года, на якім граў па-за конкурсам) ды іншыя сябры Раманава, якія ў СССР мелі мала перспектыў, але пры гэтым былі таленавітымі і рознабаковымі людзьмі.
У гады перабудовы стаў супрацоўнічаць з газетай «Перспектива» як карэспандэнт і рэдактар. У далейшым жыў з журналісцкай, рэдактарскай і літаратурнай працы. Пісаў літаратурныя творы, у 1984 годзе выпусціў у самвыдаце кнігу гумарыстычных апавяданняў «Пролетарии духа».
Напісаў кнігу ўспамінаў, мноства апавяданняў і артыкулаў. У сталым узросце захапіўся паэзіяй, яго вершы і пераклады з іншых моў у перабудоўныя гады друкаваліся ў часопісе «Маладосць», газетах «ЛіМ» і «Чырвоная змена», калектыўных зборніках (частка вершаў апублікаваная пад імем Юрыя Кісялеўскага). Пісаў на рускай і беларускай мовах.
У 1991—1992 гадах на старонках газеты «Перспектива» ад імя рэдакцыі выступіў за роўнасць правоў гомасэксуалаў з іншымі грамадзянамі: «По нашему мнению, общество не может быть демократическим и правовым, если оно будет признавать лишь интересы большинства — национального, культурного, сексуального и т. д. С другой стороны, защита прав и интересов меньшинств — фундамент цивилизации, требование справедливости, независимо от того, нравится это кому-то или не нравится» (19 кастрычніка 1991 года).[2]
Памёр ад інсульту 15 кастрычніка 2005 года.
Зноскі
- ↑ Карпюк, Аляксей. Развітанне з ілюзіямі: Эсэ, апавяданні, дзённікі. Гародня-Wrocław, 2008. С. 161, 167.
- ↑ Валодзін, Уладзімір. Ружовае рэтра // Новы час. 2016. 8 студзеня. С. 5.
Творы
Романов, Александр. Избранное (Посмертный сборник). 2006. Толькі online.
Спасылкі
- Камягін, Юрый. Вольны дух «Самвыдату» Архівавана 22 лістапада 2017. // Твой стыль (Гродна). 6 сакавіка 2012.
- Камягін, Юры. Вершы, якія застаюцца пасля нас Архівавана 16 мая 2017. // Твой стыль (Гродна). 21 сакавiка 2013.
- Комягин, Юрий. Как два гродненца протестовали против ввода советских войск в Чехословакию.