wd wp Пошук:

Аляксандр Мікалаевіч Сак

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сак. Аляксандр Мікалаевіч Сак (14 жніўня 1890, в. Сёгда, Навагрудскі павет — 26 жніўня 1937(?), НКУС, Мінск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, каталіцкі святар. Першы муж пісьменніцы Я. Бяганскай.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і селяніна-каваля. Напачатку вучыўся народным. а потым у гарадскім вучылішчы ў Навагрудку, потым паступіў у Пінскае рэальнае вучылішча, у якім правучыўся 3,5 гады. У 1907 быў арыштаваны і выключаны з вучылішча па падазрэнні ў рэвалюцыйнай дзейнасці. Праз 2 гады быў выпушчаны на волю з-за не адсутнасці доказаў у следства. З 1911 года вучыўся ў Пецярбургу ў Інстытуце лясной гаспадаркі. У 1913 пасля трэцяга курса спыніў вучобу і паступіў у Магілёўскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у 1917[1].

Пасвячоны ў святара ў 1917 годзе. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Магілёўскай губерні (мясцовасці Фашчоўка, каля в. Мікуліна, у Аршанскім павеце).

Удзельнік з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917), член саюза ксяндзоў-беларусаў.

З 19.12.1918 жыў у мястэчку Сянно. У 1919—1921 пробашч у Свяцілавіцкім касцёле і адміністратар у Шклове. Духоўныя ўлады Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1922 і 1924 мелі намер накіраваць А. Сака для службы ў Петраград, але ён папрасіў пакінуць яго ў Беларусі. Служыў святаром на Міншчыне і Мазыршчыне, у Койданаве і Хойніках.

Прыхільнік беларусізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў — каталікоў, шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці.

З вясны 1924 жыў у Мінску, дзе часта гасцяваў у Янкі Купалы. Да гэтага перыяду адносяцца многія лірычныя вершы, паэмы і вершаваныя драматургічныя творы.

Пераследаваўся савецкімі ўладамі. 17.12.1929 змушаны быў публічна адмовіцца ад святарскага сану.

Працаваў стыль-рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.

24.7.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны на 5 гадоў працоўна-папраўчых лагераў, да 1934 адбываў тэрмін на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Зноў арыштаваны 25.8.1937. Расстраляны.

Зноскі

  1. Показания арестованного Сака Александра Николаевича от 29 октября 1930 г. // Лебедев А., Пичуков В., Лясковски Сл. (кс.) Костел и власть на Гомельщине (20-30-е годы XX в.). — Варшава-Люблин-Гомель: Instityt Pamieci Narodowei; Instityt Europy Srodkowo-Wschodniej, 2009. — С. 297—299.

Літаратура

  • Сак Аляксандр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. С. 83
  • Лебедев А., Пичуков В., Лясковски Сл.(кс.) Костел и власть на Гомельщине(20-30-е годы XX в.). — Варшава-Люблин-Гомель: Instityt Pamieci Narodowei; Instityt Europy Srodkowo-Wschodniej, 2009. — 470 с. ISBN 978-83-7629-042-3.
  • Dzwonkowski R. Losy duchowieсstwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.

Спасылкі

  • САК Аляксандр Мікалаевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794—1991. Том II.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be