wd wp Пошук:

Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дуброўскі. Алéсь Дубрóўскі, у публікацыях паэзіі Алéсь Дубрóўскі-Сарóчанкаў; сапр. Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі (нар. 18 лістапада 1976, Навагрудак) — беларускі паэт, філолаг, тэолаг, прэсвітар.

Вершы друкаваліся ў газетах  і часопісах, у калектыўных зборніках і анталогіі беларускай паэзіі XX стагоддзя «Краса і сіла».

Аўтар кніг паэзіі «Паміж небам і багнаю» (1997), «Эстэтыка маўчання» (2011), «На тонкай нітачцы» (2021), манаграфіі «Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша» (2006), зборнікаў багаслоўскіх даследаванняў і рэлігійнай публіцыстыкі, укладальнік вучэбных дапаможнікаў.

Член рэдкалегіі часопіса «Бярозка» і навуковага савета зборніка міжканфесійных і міждысцыплінарных даследванняў «Збожжа».

Біяграфія

Нарадзіўся 18 лістапада 1976 г. у Навагрудку. З 1981 г. жыве ў Мінску.[1]

Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1998), магістратуру (1999) і аспірантуру (2002) па кафедры тэорыі літаратуры, Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь (2003). Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Доктар тэалогіі, прэсвітар.[2]

З 1993 na 1995 год працаваў з перапынкам у рэдакцыі часопіса «Першацвет» (быў старшынёй літаб’яднання і рэдактарам аддзела прозы),[1] настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе (1998), выкладчыкам і загадчыкам вячэрняга аддзялення Тэалагічнага інстытута Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь (2000—2004), дацэнтам кафедры журналістыкі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва (2005—2010), дацэнтам кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (з 2010 года).[2] Звольніўся з БДУ 26 жніўня 2021 года па пагадненні бакоў пасля абвінавачання ў «парушэнні карпаратыўнай этыкі» (падпісанне калектыўных зваротаў супраць гвалту ў Беларусі)[3].

Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў: вершазнаўства, функцыянальная стылістыка, тэорыя рэдагавання.[4]

Член рэдкалегіі часопіса «Бярозка» і навуковага савета зборніка міжканфесійных і міждысцыплінарных даследванняў «Збожжа»[5].

Літаратурная творчасць

Вершы друкаваліся ў газетах  і часопісах «Чырвоная змена» (дэбютная публікацыя ў 1992 годзе), «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Першацвет», «Бярозка» і іншых, у калектыўных зборніках і анталогіі беларускай паэзіі XX стагоддзя «Краса і сіла».

Першы зборнік — «Паміж небам і багнаю» (1997) — выйшаў у Бібліятэцы часопіса «Маладосць». Падзел кнігі на раздзелы зроблены паводле храналагічнага прынцыпу — згодна з часам напісання вершаў — i паводле канцэпцыі кнігі — згодна з логікай духоўнага развіцця лірычнага героя.[6]

Другая кніга — «Эстэтыка маўчання» (2011) — адрозніваецца шырынёй дыяпазону інтанацый: ад іроніі (раздзел «Пародыі без арыгіналаў») да філасофска-багаслоўскай сур’ёзнасці (лірычная паэма «Новае неба»). Праз усю кнігу праходзіць матыў Слова і маўчання.[2] На думку паэтэсы Вікі Трэнас, «галоўнае ў кнізе — адчуванне няспыннага працэсу мыслення і вельмі датклівага стаўлення да Слова, бо з Яго, як вядома з Бібліі, усё і пачалося.»[7]

Найноўшая кніга паэзіі — «На тонкай нітачцы» — вышла ў 2021 годзе ў выдавецтве «Галіяфы». Яна спалучае ў сабе непасрэднасць светасузірання з глыбінёй філасофскіх абагульненняў.[8]

Вершы перакладаліся на рускую мову.

Багаслоўе

Тэма доктарскай дысертацыі па тэалогіі — «Пратэстанцкі фундаменталізм на постсавецкай прасторы: багаслоўская рэфлексія і перспектывы пераадолення» (2015).

Асноўны змест багаслоўскіх тэкстаў А. Дуброўскага — крытыка пратэстанцкага фундаменталізму і даследаванні на памежжы літаратуразнаўства і тэалогіі, напрыклад кніга «Религия, преодолевающая себя». Фундаменалізму, у прыватнасці, прысвечана кніга «Ревность по вере? Два взгляда на фундаментализм», напісаная ў суаўтарстве са святаром Цімафеем Алфёравым. У ёй А. Дуброўскі разглядае праблему пратэстанцкага фундаменталізму, у той час як Ц. Алфёраў піша ў тым ліку і пра фундаменталізм у праваслаўі.

Найбольшы ўплыў на аўтара зрабілі працы Паўля Ціліха, Ганса Кюнга, Іяхіма Ераміяса, Джэймса Дана, Дэвіда Боша, Н. Т. Райта; у пэўнай ступені — Карла Барта, Дытрыха Банхёфера, Рудольфа Бультмана і інш.

Таксама А. Дуброўскі актыўна звяртаецца да казані. Найбольш публікацый у гэтым жанры — у пецярбургскай газеце «Мирт»,[9] а таксама на старонцы аўтара ў Фейсбуку.

Кнігі

Зноскі

  1. 1 2 . https://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=18801.
  2. 1 2 3 Інфармацыйна-бібліяграфічны сектара ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”. Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў (нявызн.). Персаналіі Навагрудскага края. Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (1 лютага 2019).
  3. 26 жніўня з кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ звольніўся «па пагадненні бакоў» кандыдат філалагічных навук, доктар тэалогіі, дацэнт, паэт і літаратуразнаўца Алесь Дуброўскі. (нявызн.). Хрысціянская візія (28 жніўня 2021).
  4. Александр Владимирович Дубровский - Aliaksandr U. Dubrouski(руск.) . Медиалингвистика XXI век. Санкт-Петербургский государственный университет (10 кастрычніка 2018).
  5. Збожжа: зборнік міжканфесійных і міждысцыплінарных даследванняў. Выпуск 1. Царква, рэформы і Рэфармацыя (нявызн.) (недаступная спасылка). Мінск: Медысонт (10 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2021. Праверана 19 жніўня 2021.
  6. Паміж небам i багнаю (нявызн.). Камунікат беларуская інтэрнэт-бібліятэка.
  7. Віка Трэнас. Калі маўчанне — золата (нявызн.). Літаратура і мастацтва №45 (4640), стар. 4. (11 лістапада 2011).
  8. 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: люты (нявызн.). Радыё Свабода (06 люты 2021).
  9. Алесь Дубровский(руск.) . Интернет-газета «Мирт».

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be