Аляксей Сцяпанавіч Русецкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Русецкі. Аляксей Сцяпанавіч Русе́цкі (сапраўднае прозвішча Бурдзялёў; 4 снежня 1912, с. Студзянец, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць — 2000) — беларускі паэт, перакладчык. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1983).
Біяграфія
Аляксей Сцяпанавіч Русецкі нарадзіўся 21 лістапада 1912 г. у в. Студзянец Касцюковіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Закончыў пачатковую школу, Касцюковіцкую сямігодку і Аршанскі педтэхнікум. У 1931 г. паступіў у Маскоўскі зоаветэрынарны інстытут. У 1935 працаваў ва ўпраўленні саўгасаў у Мінусінску, у бактэрыялагічных лабараторыях Масквы і Мінска. Пасля заканчэння з дыпломам ветурача камандзіраваны ва Узбекістан. У тым жа годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Маскоўскім мікрабіялагічным інстытуце. У студзені 1938 г. пераехаў у Мінск, працаваў загадчыкам бактэрыялагічнага аддзела абласной ветэрынарнай лабараторыі. Са студзеня 1942 г. на фронце. Служыў начальнікам палявой лабараторыі на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. У Мінск вярнуўся ў 1947 г. Да 1951 г. працаваў літкансультантам па паэзіі ў СП Беларусі, у 1951 г. загадваў аддзелам публіцыстыкі.
З 1947 года доўгі час працаваў літаратурным кансультантам СП БССР (1947—1952, 1960—1967), у часопісе «Беларусь» быў загадчыкам аддзела публіцыстыкі і рэдактарам аддзела культуры і літаратуры (1952—1960), а ў часопісе «Полымя» — намеснікам галоўнага рэдактара (1967—1973). Працаваў старшым рэдактарам рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1973—1980).
З допісамі ў рэспубліканскім друку пачаў выступаць у 1930 г. Першы зборнік паэзіі «У заўтрашні свет» і «Святло акон тваіх» прысвечаны біяграфіі ваеннага пакалення. Пазней выдаў зборнікі паэзіі «Служба святла», «Зямля гаворыць зорам», «Позірк», «Хвала жыццю» і інш.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі.
17 чэрвеня 2000 г. А. С. Русецкі памёр.
Творчасць
З першымі вершамі ў друку выступіў у 1935 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «У заўтрашні свет» (1951), «Святло акон тваіх» (1959), «Усход і захад» (1962), «Яго вялікасць» (1965), «Служба святла» (1967), «Вершы і паэма» (1969), «Зямля гаворыць зорам» (паэмы і вершы, 1971), «Два колеры жыцця» (1973), «Позірк» (1977), «Паэмы» (1979), «Крокі сэрца» (1980), «Хвала жыццю» (1987) і іншыя. У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Прэміі і ўзнагароды
За кнігу вершаў «Крокі сэрца» прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова ў 1981 годзе. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1983).
Зноскі
Літаратура
- Багдановіч І. Э. Русецкі (сапр. Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 456. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Да 105-годдзя з дня нараджэння Аляксея Русецкага // Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
- Русецкі Аляксей Сцяпанавіч // База даных «Мой край — Магілёўшчына»