wd wp Пошук:

Анатоль Адамавіч Альшэўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Альшэўскі. Анатоль Альшэўскі (партыйны і публіцыстычны псеўданім і крыптанім: Юрка Пружанскі, Ю.Пружанскі, Ю. П.; 21 чэрвеня (4 ліпеня) 1904, мяст. Бяроза-Картузская Пружанскага павета Гродзенскай губерні, цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобласці — 1937, Мінск) — публіцыст, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Біяграфія

Даволі рана далучыўся да левага руху, у 1919 у 15-гадовым узросце ўступіў у Чырвоную Армію, ваяваў на Палессі; тады ж стаў членам РКП(б). У 1920 быў накіраваны на вучобу ў Камуністычны універсітэт імя Свярдлова ў Маскве. У 1925, як ураджэнец Заходняй Беларусі, накіраваны туды на падпольную работу. Быў сакратаром ЦК КСМЗБ, членам ЦК КСМ Польшчы. У 1926 і 1928 выбіраўся членам ЦК КПЗБ[1].

Актыўна займаўся публіцыстыкай і рэдактарскай справай — рэдагаваў цэнтральныя органы ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». Друкаваўся ананімна і пад псеўданімамі ў падпольных выданнях. Асноўная тэма яго публіцыстыкі — вострая крытыка палітыкі польскага ўраду ў Зах. Беларусі. Гэтая дзейнасць не магла быць незаўважана: у 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў Варшаве[1]. У 1928 па абмене палітычнымі вязнямі трапіў у СССР. У 1932 зноў закінуты ў заходнебеларускае камуністычнае падполле, але ў ліпені таго ж года вернуты ў Мінск.

Працаваў у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. З 1933 на прафсаюзнай рабоце. У час найбольшага ўздыму масавых рэпрэсій у 1937 арыштаваны; загінуў у засценках НКВД. Рэабілітаваны пасмяротна. Імя Альшэўскага нададзена вуліцам у Бярозе і Пружанах. У Бярозе захаваўся дом, дзе ён жыў; там устаноўлена мемарыяльная шыльда[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be