Анатоль Аляксандравіч Шаўня
Анатоль Аляксандравіч Шаўня (2 верасня 1930, пасёлак Дорахава, Рузскі раён, Маскоўская вобласць, РСФСР) — беларускі паэт, крытык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рабочага-перасяленца з Беларусі. Скончыў перакладчыцкі факультэт 1-га Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (1954), працаваў у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» літсупрацоўнікам, потым выконваў абавязкі загадчыка аддзела крытыкі і бібліяграфіі. З 1959 г. — літсупрацоўнік, пасля рэдактар грамадска-палітычнага аддзела часопіса «Беларусь». З 1981 г. — рэдактар студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм».
Творчасць
Першыя вершы надрукаваў у 1953 г. у інстытуцкай шматтыражцы. Аўтар зборнікаў вершаў «Паводка» (1975), «Урок дабрыні» (1980).
Перакладае з італьянскай мовы на беларускую. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі аповесць Л. Стурані «Праўдзівая гісторыя» (1957), «Прыгоды К’ядзіна» М. Арджылі і Г. Паркі (1959), аповесць В. Берціні «Юнацтва становіцца ў строй» (1960), раман Д. Арфелі «Лішнія» (1965), анталагічны зборнік сучаснага італьянскага апавядання “Золата Фарчэлы (1968), «Казкі нашых дзён» М .Арджылі (1971). Шмат вершаў сучасных італьянскіх паэтаў перакладзена ім для зборніка «Ад вежаў Ферары» (1974).
Напісаны таксама сцэнарыі мультыплікацыйнага фільма «Квака-задавака» (з З. Калядэнкам, пастаўлены ў 1977), дакументальнага фільма «Кандрат Крапіва» (1982), шэрагу іншых дакументальных і навукова-папулярных фільмаў.
Зноскі
Літаратура
- Анатоль Аляксандравіч Шаўня // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.