Анатоль Паўлавіч Чаркасаў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чаркасаў. Анатоль Паўлавіч Чаркасаў (28 лістапада 1928, Світлаводск, Кіраваградская вобласць, Украіна — 4 лістапада 2000) — беларускі празаік, нарысіст, перакладчык. Бацька Веранікі Чаркасавай.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і служачага. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Паволжа. У 1943—1944 гг. працаваў у ваеннай установе. Падчас выбуху склада боепрыпасаў быў цяжка паранены. У 1951 г. скончыў Мінскі бібліятэчны тэхнікум, у 1956 г. — аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў карэктарам, рэдактарам выдавецтва «Беларусь». З 1972 г. — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 1981 г. — выдавецтва «Юнацтва», у 1986—1989 гг. — загадчык рэдакцыі гэтага выдавецтва.
Творчасць
Літаратурнай працай займаецца з 1957 г. Выйшлі кніжкі нарысаў «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), «Старонкі слаўнага летапісу» (1964), «Магутны твой зямляк» (1969), «Волаты на дарогах» (1974).
Аўтар сцэнарыяў дакументальнага фільма «Мазырскі ліст» (зняты ў 1967) і навукова-папулярнага «Наш завод — наш дом» (зняты ў 1968).
Пераклаў творы рускіх і ўкраінскіх дзіцячых пісьменнікаў на беларускую мову, на рускую мову — апавяданні ўкраінскіх празаікаў, балгарскія, чэшскія казкі.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.