Анджэй Струміла
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Струміла. А́нджэй Струмі́ла (польск.: Andrzej Strumiłło; 23 кастрычніка 1927[4], Вільня[5] — 9 красавіка 2020, Сувалкі[6]) — польскі мастак беларускага паходжання, графік, скульптар, фатограф, паэт, пісьменнік, сцэнограф. Лаўрэат залатога медаля «За заслугі ў культуры Gloria Artis»[7].
Біяграфія
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1927 года ў Вільні[8]. Дзяцінства правёў у родным засценку маці — Суданах пад Свянцянамі[9]. Да Другой сусветнай вайны быў міністрантам у касцёле Святых Пятра і Паўла на Антокалі. Навучаўся ў Дзяржаўнай вышэйшай школе пластычных мастацтваў у Лодзі, а ў 1950 годзе атрымаў дыплом выпускніка Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве.
У 1949—1953 працаваў асістэнтам у абодвух вучылішчах. З 1956 года праектаваў выставачныя павільёны для Польскай гандлёвай палаты.
У 1977—1980 — кантрактны прафесар Кракаўскай АПМ, у 1987—1988 — выкладчык сувалкаўскай філіі Акадэміі каталіцкай тэалогіі. У 1982—1984 займаў пасаду кіраўніка графічнай майстэрні пры сакратарыяце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Вярнуўшыся ў Польшчу, пасяліўся на Чорнай Ганчы, «каб быць бліжэй да Вільні»[4][9].
Памёр раніцай 9 красавіка 2020 года ў Сувалках[8]. 15 красавіка пасля жалобнай імшы, якую адслужылі ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Віграх, урна з прахам мастака была пахаваная на парафіяльных могілках у Магдалянове[pl].
Творчасць
Выдаў два зборнікі паэзіі: Moje і Jak. У 2008 годзе выйшаў збор артыкулаў і ілюстрацый Factum est (лац.: Стала так), а ў 2009 — «Ja. Poezje wybrane». Разам з Чэславам Мілашам і Томасам Венцлавам быў ініцыятарам выдання «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага» — зборніку эсэ беларускіх, літоўскіх і польскіх аўтараў.
У 2008 годзе ў Сувалках адкрылася галерэя мастака, дзе выстаўленыя карціны, скульптуры, фотаздымкі і рысункі Анджэя Струмілы[10][11].
Дачыненні з Беларуссю
У Беларусі неаднаразова праходзілі выстаўкі Струмілы. Падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2017 годзе ён падкрэсліў, што з’яўляецца «грамадзянінам ВКЛ» і лічыць Беларусь сваёй Бацькаўшчынай.
Беларусь, мінская зямля — гэта мая Бацькаўшчына. Мой дзед і мой бацька нарадзіліся ў Мінску. Я ў Мінску сам бываў, ёсць у мяне сябры, аўтары, дзеячы культуры. Беларуская мова вельмі блізкая майму сэрцу.
Памяць
Фільм «Сума» («Summa») беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы пра Анджэя Струмілу прызнаны найлепшай сярэднеметражнай стужкай на фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме[8].
Узнагароды
- Прэмія Міністэрства культуры і мастацтва II ступені (1969)
- Дзяржаўная прэмія II ступені (1974)
Зноскі
- ↑ Andrzej Strumiłło // https://artsandculture.google.com/entity/wd/g120pt87c
- ↑ The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ Беларуская служба Радыё «Свабода» Праверана 9 красавіка 2020.
- 1 2 «Znad East River nad Czarną Hańczę» — artykuł w GAZECIE Dzienniku Polonii w Kanadzie (польск.)
- ↑ Notatka w portalu FilmPolski.pl (польск.)
- ↑ У Польшчы памёр вядомы мастак Анджэй Струміла, які называў Беларусь сваёй Бацькаўшчына (нявызн.). Людзі. Радыё «Свабода» (9 красавіка 2020). Праверана 9 красавіка 2020.
- ↑ Andrzej Strumiłło(польск.) . UM Suwałki. Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2013. Праверана 16 красавіка 2020.
- 1 2 3 Памёр Анджэй Струміла. Вядомы мастак, які лічыў Беларусь сваёй Бацькаўшчынай https://nashaniva.by/?c=ar&i=249644
- 1 2 Wywiad przeprowadzony przez National Geographic (польск.)
- ↑ Centrum Sztuki Współczesnej — Galeria Andrzeja Strumiłły w Suwałkach (польск.)
- ↑ Powstało Centrum Sztuki Współczesnej — Galeria Andrzeja Strumiłły (нявызн.). wp.pl (23 снежня 2008). Архівавана з першакрыніцы 26 снежня 2008. Праверана 16 красавіка 2020.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Анджэй Струміла
- Цэнтр сучаснага мастацтва — Галерэя Анджэя Струмілы (польск.)