Андрэ Стыль
Андрэ СТЫЛЬ (André Stil; 1 красавіка 1921, г. Эрньі, Францыя — 3 верасня 2004) — французскі пісьменнік.
Скончыў універсітэт у г. Ліль. Друкаваўся з 1949. Трылогія «Першы ўдар» (раманы «Каля воданапорнай вежы», 1951, «Канец адной гарматы», 1952; «Парыж з намі», 1953) пра антываенную барацьбу французскага народа. У цыкле твораў «Пастаўлена пытанне аб шчасці» — раманах «Мы будзем любіць адно аднаго заўтра» (1957), «Абвал» (1960), «Апошняя чвэрць гадзіны» (1962), «Пойдзем танцаваць, Віяліна» (1964), «Андрэ» (1965), «Прыгожы, як чалавек» (1968), «Хто?» (1969), зборніках апавяданняў «Егіпецкі хлеб» (1956), «Боль» (1961) і інш. уздымаюцца сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана жыццё Францыі ў ІІ сусветную вайну і пасляваенныя гады. Аўтар раманаў «Раман-сон» (1976), «У люстэрку — сябар» (1977), «Бог — гэта дзіця» (1979), «Мілы доктар» (1980), літаратурна-крытычных і публіцыстычных прац. Рэалістычная проза А. Стыля адметная дынамічным сюжэтам, выкарыстаннем дыялектаў, унутранага маналога.
На беларускую мову яго асобныя творы пераклалі Ю. Гаўрук, С. Дорскі.
Беларускія пераклады
- Любіць будзем заўтра. Мн., 1960;
- Салодкі пірог // Полымя. 1970. № 1;
- Пан Ванэс // Беларусь. 1974. № 3.
Зноскі
- ↑ Стиль Андре // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119177404 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 2 мая 2014.
Літаратура
- БелЭн у 18 т. Т. 15. Мн., 2002.