wd wp Пошук:

Андрэй Каладынскі

Андрэй (Казьма) Каладынскі — вялікалітоўскі дзеяч Рэфармацыі XVI ст.

Былы праваслаўны дыякан з Віцебска. На думку Малышэўскага, Каладынскі ідэнтычны сацыніяніну Кузьме-Андрэю з паслання Арцемія С. Буднаму: «И се товарищ, ваш Козма: егоже вы нарекаете Андрея: в Витебску ясно обьявил нынешния ереси проповедени: не треба глаголя Троицу именовати… И лист показал тот Козма: яко от вашея сонмища послан з Вильна…». Відаць, Каладынскі належаў да паслядоўнікаў маскоўскага ерэтыка Ф. Касога, які ў 1550-я гады пасяліўся каля Віцебска.

А. Каладынскі меркаваны аўтар апакрыфічнага «Пісьма полаўца Івана Смеры». У 1567 годзе ён нібыта знайшоў у Перамышльскай зямлі пісьмо полаўца Івана Смеры, «урача, вучонага і годнага чалавека», адпраўленага вялікім князем кіеўскім Уладзімірам у X ст. у Візантыю з заданнем апісаць звычаі і стан «грэчаскай» (хрысціянскай) веры. У пісьме да князя рэзка крытыкуецца візантыйскае хрысціянства за «ідаласлужэнне», раскошу, карыслівасць, трыманне «народа ў рабстве». Адначасова з задавальненнем гаворыцца пра існаванне ў Александрыі сапраўдных хрысціян-праведнікаў, у малітоўных дамах якіх «няма ніякіх ідалаў, а толькі сталы і лавы». «Пісьмо…» у перакладзе на латынь было апублікавана ў 1675 г. у кнізе па царкоўнай гісторыі Хрыстафора Сандзіуса і ў 1679 г. у «Чатырох кнігах аб славянскай рэфармацыі» польскага пратэстанцкага гісторыка Андрэя Вянгроўскага.

Да XVIII ст. храністы і гісторыкі верылі ў праўдзівасць «Пісьма». М. М. Карамзін першы дапусціў, што гэта фальсіфікацыя, І. І. Малышэўскі ў XIX ст. абгрунтаваў, што аўтар гэтага твора сам Каладынскі. Як прадстаўнік антытрынітарызму Каладынскі ў «Пісьме» фактычна проціпастаўляў дагматычнаму хрысціянству (праваслаўю і каталіцтву) ідэалы радыкальнага пратэстантызму.

Літаратура

  • Дмитриев, М. Белорусский скептик XVI в. // Наука и религия. 1984. — № 4. — С.
  • Малышевский, И. Подложное письмо половца Ивана Смеры к великому князю Владимиру Святому // Труды Киевской духовной академии. — 1876. — Том 2 — 3. — С.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be