Анні Эрно
Анні Эрно, народжаная Дзюшэн (фр.: Annie Ernaux, née Duchesne; нар. 1 верасня 1940, Лільбон) — французская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2022 года.
Біяграфія і творчасць
Анні Дзюшэн нарадзілася 1 верасня 1940 года ў Лільбоне. Дзяцінства яе прайшло ў Нармандыі, у Іўто, дзе яе бацькі трымалі невялікае кафэ. Скончыўшы Руанскі ўніверсітэт, яна выкладала літаратуру ў пачатковай і ў сярэдняй школе (у Анэсі-ле-В’ё і ў Пантуазе), а затым перайшла на дыстанцыйнае навучанне.
Першы раман Эрно, «Les Armoires vides», быў апублікаваны ў 1974 годзе. У ім прысутнічаюць выразныя аўтабіяграфічныя матывы, што будзе ўласціва таксама і для наступнай творчасці пісьменніцы. Усе яе раманы тым ці іншым чынам адлюстроўваюць сапраўдныя эпізоды яе біяграфіі: дзяцінства, сацыяльную кар’еру, замужжа і мацярынства, адкрыццё ўласнай сексуальнасці, аборт, рак грудзей, хвароба і смерць маці. Раманы Эрно, у якіх асабістыя ўспаміны накладваюцца на калектыўную памяць пакалення, уяўляюць сабой сапраўднае сведчанне эпохі. Па словах самой пісьменніцы, яна аддае перавагу не тварыць у рамках традыцыйных жанраў, а шукаць уласную форму самавыяўлення. Большая частка яе твораў выходзіла ў выдавецтве «Галімар».
Анні Эрно — лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій: прэміі Рэнадо (1984, раман «La Place»), прэміі Маргерыт Дзюрас (2008, «Les Années»), прэміі Франсуа Марыяка (2008, «Les Années»), Прэміі французскай мовы (2008, за сукупнасць творчасці). З 2014 года яна таксама з’яўляецца ганаровым доктарам Універсітэта Сержы-Пантуаз.
6 кастрычніка 2022 года атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Шведская акадэмія прысудзіла ўзнагароду «за мужнасць і клінічную вастрыню, з якімі яна раскрывае карані, адчужанасць і калектыўныя абмежаванні асабістай памяці».
Беларускія пераклады
Паасобныя творы на беларускую пераклаў Уладзіслаў Гарбацкі.
- Падзея / Ані Эрно [прадмова і пераклад: Уладзіслаў Гарбацкі]. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2021. — ISBN 978-9955-578-22-2
Зноскі
- ↑ Annie Ernaux // Discogs — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Annie Ernaux // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119012278 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 жніўня 2015.