Аркадзь Іосіфавіч Маўзон
Аркадзь Маўзон, сапр. Арон Маўшэнзон (23 верасня 1918, Віцебск — 19 жніўня 1977) — беларускі драматург.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Скончыў фабрычна-заводское вучылішча (1935). Працаваў токарам на заводзе «Камунар» (цяпер імя С. Кірава) у Мінску. Пасля заканчэння драматычнай студыі пры БДТ-1 (1936) быў акцёрам, асістэнтам рэжысёра БДТ-2 (Віцебск). З 1946 загадваў аддзелам культуры газеты «Віцебскі рабочы», з 1951 быў начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм». У 1965—1971 працаваў у Міністэрстве культуры БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1947).
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1945. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Першая п’еса — «Канстанцін Заслонаў» (1946, пастаўлена ў 1947, у 1948 апублікавана, а спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР). Аўтар п’ес «Наталля Крыўцова» (апублікавана і пастаўлена ў 1954), «У ціхім завулку» (апублікавана і пастаўлена ў 1955), «Калі разыходзяцца шляхі» (пастаўлена ў 1955), «Непрымірымасць» (пастаўлена ў 1956), «У бітве вялікай» (1958, пастаўлена ў 1957), «Калі ты чалавек» («Твой светлы шлях», апублікавана і пастаўлена ў 1960), «Пад адным небам» («Асцярожна, Мякішавы», апублікавана і пастаўлена ў 1962), «Куда идешь, Сергей?» (апублікавана і пастаўлена ў 1965), «У доме на Сонечнай» (пастаўлена ў 1966), «Жизнь всего одна» (апублікавана і пастаўлена ў 1968), «Дарога праз ноч» («Людзі, агонь, смерць», апублікавана і пастаўлена ў 1970), «Да апошняга дыхання» (апублікавана ў 1978), шэрагу аднаактовак. Выдадзены зборнікі драматургічных твораў «Выбраныя п’есы» (1964), «Людзі і час» (1972), «П’есы» (1974), «П’есы» (1978), «Да апошняга дыхання» (1985).
Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Канстанцін Заслонаў» (1949, у 1950 фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР), «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).
Выступаў у перыядычным друку з артыкуламі аб драматургіі і сучасным тэатры.
Прызнанне
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Зноскі
Літаратура
- Маўзон Аркадзь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Маўзон Аркадзь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Маўзон Аркадзь Іосіфавіч // Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць(недаступная спасылка)