Артур Іосіфавіч Цяжкі
Артур Іосіфавіч Цяжкі (23 ліпеня 1943, вёска Лылойці, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць — 5 красавіка 1984) — беларускі празаік.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Свірскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна (1963) працаваў у смаргонскай раённай газеце «Светлы шлях» літаратурным супрацоўнікам. У 1963—1967 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1967—1968 гг. — літсупрацоўнік раённай газеты. З 1969 г. — карэспандэнт газеты «Чырвоная змена», з 1971 г. — уласны карэспандэнт гэтай газеты па Брэсцкай вобласці, у 1972—1975 гг. і ў 1978 г. — карэспандэнт берасцейскай абласной газеты «Заря». У 1974 г. скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1975—1977 гг. — карэспандэнт раённай газеты «Астравецкая праўда», з верасня 1978 г. — адказны сакратар Гродзенскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у 1979 г. — карэспандэнт газеты «Голас Радзімы», са снежня 1979 г. — карэспандэнт газеты «Знамя юности», у 1981—1984 гг. — рэдактар Гродзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Творчасць
Першыя апавяданні апублікаваў у 1966 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Сустрэча пасля вясны» (1980), «Пара блакітных дажджоў» (1982), «Дзе мой дом?..» (1986).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8 (т. 17)
- Артур Іосіфавіч Цяжкі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.