wd wp Пошук:

Аўген Кавалеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кавалеўскі.

Аўген Кавалеўскі (7 студзеня 1921, Масква — 13 жніўня 1963, Руаян) — беларускі тэатральны дзеяч, драматург.

Біяграфія

Нарадзіўся 7 студзеня 1921 г. у Маскве, адкуль бацькі праз некалькі тыдняў вярнуліся ў Мінск. Выхоўваўся ў дзіцячым садку, дзе выхавацелькай была Уладзіслава Луцэвіч[1], жонка Янкі Купалы. У 1930-х яго бацька быў рэпрэсаваны. Скончыў сярэднюю школу № 45 г. Мінску. Яшчэ ў школьныя гады браў удзел у дзіцячых пастаноўках Тэатра юнага гледача. Пазней, па рэкамендацыі Еўсцігнея Міровіча накіраваўся ў школу пры Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры, аднак навучанню перашкодзіла вайна.

У 1941—1944 гадах працаваў у Мінскім гарадскім тэатры і на радыё, быў вядомы як канферансье.

У 1944 годзе з’ехаў з Беларусі ў Германію. Жыў у лагерах ДП у Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Остэрхофене. Заснаваў з прафесійных акцёраў на эміграцыі ансамбль песні і танца «Жыве Беларусь!», пазней ператвораны ў Тэатр эстрады, які ездзіў з гастролямі па розных лагерах для перамешчаных асобаў. Напісаная ім камедыя «Нечаканыя заручыны» карысталася вялікім поспехам у гледачоў. Пісаў п’есы і скетчы для пастановак, сам быў адным з выканаўцаў. У 1947 у Міхельсдорфе выдаў «Кароткі курс навучання акцёра».

Пісаў таксама апавяданні, фельетоны і п’есы, якія публікаваліся як на старонках эміграцыйных часопісаў «Сакавік», «Моладзь», «Напагатове» і інш., гэтак і выходзілі асобнымі выданнямі «Вясновы жук» (Амберг—Рэгенсбург, 1946), «Лекар мімаволі» (Рэгенсбург, 1946), «Ліхадзейка» (Міхельсдорф, 1946), «Шапка няўгледка» (Міхельсдорф, 1947), «Блакітная Вілія» (Остэргофен, 1948), «Госці з Тунісу» (Міхельсдорф, 1948), «Случчакі» (Парыж, 1949).

У 1949 годзе перабраўся ў Францыю, дзе спачатку працаваў як звычайны работнік у індустрыяльным горадзе Thienville (Moselle). Праз год пераехаў у Парыж і знайшоў працу ў кравецкім атэлье, дзе, маючы добры мастацкі густ і багатую фантазію, хутка выявіў сябе як таленавіты выканаўца эскізаў парыжскай моды і меў там прызнанне і аўтарытэт. Быў сябрам Аб’яднання беларускіх работнікаў у Францыі. На пачатку 1950-х гг. быў сакратаром і кіраўніком аддзелу культуры Галоўнай управы Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі ў Францыі.

27 лістапада 1955 года ў залы Salle Iena ў Парыжы адбылася прэм’ера спектакля па драме Аўгена Кавалеўскага «Асуджаныя». Ён сам паставіў гэты спектакль і выконваў у ім адну з галоўных роляў. Пастаноўка выклікала вялікі рэзананс у французскай сталіцы[1].

Памёр 13 жніўня 1963 г. у часе адпачынку ад ўскладненняў пасля аперацыі на страўніку ў шпіталі прыморскага горада Руаян на захадзе Францыі. Для сям’і гэта стала нечаканасцю, не было магчымасці перавезці цела ў Парыж, таму пахавалі яго на могілках Mathes каля Руаяна. У Францыі засталіся яго маці, брат, жонка і дзве дачкі.

Зноскі

  1. 1 2 Ванкарэм Нікіфаровіч З гісторыі беларускай эміграцыі Запозненае, але вельмі патрэбнае знаёмства (трэба абавязкова выдаць зборнік прозы Аўгена Кавалеўскага)(нявызн.).

Літаратура

  • Лявон Юрэвіч Кавалеўскі Аўген // Літаратурны рух на эміграцыі. — Мінск: БГА, 2002.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be