wd wp Пошук:

Аўгусцін Ратундус

Аўгусцін Ратундус-Мялескі, Аўгустын Ратондус-Мялескі[1] (~1520, Велюнь, Польшча — 20 сакавіка 1582, Вільня) — вялікалітоўскі палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар каралеўскі, войт віленскі, юрыст, належаў да школы гуманістаў (або элегантнай юрыспрудэнцыі), публіцыст, гісторык. Дзеяч контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Адзін з найбольш вядомых і рознабаковых дзеячаў культуры часоў Адраджэння ў Вялікім Княстве Літоўскім сяр. 16 ст.

Біяграфія

Паходжанне А. Ратундуса невядомае[2]. Вучыўся ў акадэміі Любранскага (Познань), у Вітэнбергскім універсітэце (Германія). Каля 1543 атрымаў пасаду настаяцеля ў Варце, ад якой пазней адмовіўся. З 1544 на пасадзе пісара ў польскай канцылярыі караля Жыгімонта Старога. Пасля вучобы ў Балонскім універсітэце (Італія) і атрымання ступені доктара права, у 1549 заняў пасаду каралеўскага сакратара.

У 1551 прыбыў у Вялікае Княства Літоўскае, пачаў працу ў Канцылярыі, прызначаны віленскім войтам. Ад караля і вялікага князя трымаў Стаклішскае староства і Ярмалішскі маёнтак, меў у Вільні дом і інш. маёмасць. Быў у шлюбе з Сафіяй[3] (пам. пасля 10.3.1604) з якой меў сына Мікалая (памёр у маленстве перад 16.4.1558), дачок Рэгіну (Раіну, Райну)[4]) і Эльжбету[5] (пам. перад 18.11.1597).

Памёр у Вільні, пахаваны ў касцёле Св. Янаў, надмагілле не захавалася.

Дзейнасць

На пачатку войтаўства А. Ратундуса, у Вільні выдадзены вількер (1551). А. Ратундус прымаў удзел у 2-ой рэдакцыі Статуту ВКЛ (1566), пераклаў яго з «рускай» на лацінскую мову, прымаў удзел і ў 3-й рэдакцыю Статуту (1588), праз яго ўдзел у Статут унесена шмат нормаў рымскага права. Таксама А. Ратундус складаў тастамент Жыгімонта Аўгуста.

А. Ратундус адзін з лідараў контррэфармацыі ў ВКЛ, аўтар некалькіх радыкальных пракаталіцкіх публіцыстычных твораў, многія з яго дзеянняў і думак у гэтым кірунку не маюць адназначнай ацэнцы. Прычыніўся да навяртанне ў каталіцтва ўплывовых дзеячаў, у т.л. Яна Геранім Хадкевіч. Быў адным са сведкаў у справе пра віленскае біскупства каад’ютара Юрыя Радзівіла (стаў біскупам з 17.12.1579), сына Мікалая Радзівіла Чорнага. Падпісаў акт аб заснаванні Віленскага езуіцкага калегіума (12.1.1582).

Існуе меркаванне, што А. Ратундус быў адным з аўтарам вядомага твору тагачаснай палітычнай публіцыстыкі, ананімнай «Размовы паляка з ліцвінам» (Rozmowa Polaka z Litwinem, Бярэсце, ~1566) напісанай у абарону ВКЛ ад унійных прэтэнзій Польшчы, выкладзеных у трактаце Станіслава Ажахоўскага «Quincunx». Аўтарству А. Ратундуса прыпісваюць лацінамоўную «Літоўскую хроніку або гісторыю» (Cronica sive Historia Lituaniae) і «Кароткую гісторыю літоўскіх князёў» (Epitome Principum Lituaniae), знойдзеных у адным з экзэмпляраў 3-й рэдакцыі Статуту (1588), дзе выкладаецца рымская тэорыя паходжання літоўцаў, усхваляецца лацінская мова і заклікаецца да вяртання яе ўжывання ў дзяржаве, перш за ўсё ў галіне права, як сапраўднай мовы літоўскага народа.

Захаваліся лацінамоўныя лісты А. Ратундуса свайму апекуну і паплечніку кардыналу вармінскаму Станіславу Гозію — каштоўны помнік лацінамоўнай гуманістычнай эпісталярыкі ВКЛ сяр. 16 ст.

Зноскі

  1. Паходжанне прыдомку Mieleski невядомае.
  2. Выказваецца меркаванне, што бацька А. Ратундуса — футраўшчык Мікалай Круглы (Mikołaj Okrągły), адзін з найбагацейшых жыхароў Велюня на пач. 16 ст., бо Ратундус з лац.: Rotundus таксама значыць Круглы.
  3. Дачка Джакама Мантана (пам. ~1546), каралеўскага хірурга і дыпламата, кракаўскага мешчаніна родам з Мантуі (Італія) і Феліцыі Барвінскай (пам. ~1565).
  4. Жонка Крыстафа Дзяржка з Скшынца — сакратара каралеўскага, харунжага троцкага, войта мальборкскага, старосты стаклішскага.
  5. Жонка Мар’яна Янавіча Лакніцкага — сакратара каралеўскага.

Літаратура

  • Ragauskienė R. Karaliaus sekretoriaus ir Vilniaus vaito Augustino Meleskio Rotundo (apie 1520–1582 m.) turtas. Istorija, 2003, t. 55, p. 12-21.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be