Баляслаў Пачопка
Баляслаў Пачопка, Баляслаў Пачобка (13 кастрычніка 1884, засценак Уляны, Рукойненская гміна, Віленскі павет (Расійская імперыя) — 26 снежня 1940, м. Целяханы, цяпер Івацэвіцкі раён) — рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху, журналіст, педагог і публіцыст.
Біяграфія
Паходзіў з дваранскай сям’і Антона Пачопкі. 25.10.1905 залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У чэрвені 1907, на другі год навучання, пакінуў семінарыю.
З 1913 — загадчык аддзела рэлігіі, у 1914-15 гады — рэдактар-выдавец першай беларускай катaліцкай газеты «Biełarus» (Вільня). Cталы аўтар газеты «Наша Ніва». Падрыхтаваў і выдаў у Вільні шэраг кніг на беларускай мове: «Жыццё папежа Піюса X» (1914), «Чалавек на вышыні сваёй годнасці», «Бог з намі: Беларускі малітэўнік» (1915), «Святы Езафат Кунцэвіч» (1916), «Як вучыць жыць і верыць св. Хрыстова Паўсюдная Царква» (1923).
У гады вайны выкладаў на першых Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1915). У Вільні на Юр’еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай была адкрыта першая беларуская школа.
Працаваў дырэктарам Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі (1916—18). Аўтар першай «Граматыкі беларускай мовы» (1918). Беларуская граматыка Пачобкі была надрукаваная асобнай кнігай лацініцай у друкарні «Гоман» (Вільня). На працягу прыблізна году (у 1918) гэтай граматыкай карысталіся пры выкладанні беларускай мовы ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі і навакольных школах[1]. Яе крытыкавалі беларускія мовазнаўцы за шматлікія паланізмы і русізмы.
У міжваеннае дваццацігоддзе далучыўся да справы беларускага ўніяцтва. Пасвячоны ў святары ў 1925 годзе. Душпастырскую дзейнасць праводзіў на Палессі. З 17.9.1926 — пробашч уніяцкага Бабровіцкага прыхода ў Косаўскім павеце. Удзельнік уніяцкіх канферэнцый у Пінску (1932, 1933). Друкаваўся ў перыядычных выданнях «Гоман», «Biełaruskaja krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Супрацоўнічаў з газетай віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński».
За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры праследаваўся польскімі ўладамі. Памёр 26.12.1940 пасля таго, як быў збіты невядомымі.
Пакінуў рукапісную спадчыну.
Зноскі
- ↑ Ігар Бараноўскі. Помнік святару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэння а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004. — Брэст: ПП В. Ю. А., 2004
Літаратура
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- Трацяк Я. Пачопка Баляслаў Антонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. – с. 459
- Бараноўск І. Помнік святару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэння а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004.
- Календарыюм // «Czasopis» № 12/2005