Банальная рыфма
Бана́льная ры́фма — рыфма, якая ў выніку частага ўжывання рознымі паэтамі страціла сваю навізну і неспадзяванасць. Яшчэ А. Пушкін высьмейваў сваіх сучаснікаў-паэтаў за эксплуатацыю банальных рыфмаў тыпу кровь — любовь, розы — морозы і г. д. У кожнай нацыянальнай паэзіі ёсць свае банальныя рыфмы, супраць якіх змагаецца літаратурная грамадскасць. У беларускай паэзіі такія рыфмы, як сонца — аконца — бясконца, снег — смех, век — чалавек, след — свет і некаторыя іншыя, успрымаюцца сёння як банальныя рыфмы, сугуччы ніжэйшага гатунку.
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.