wd wp Пошук:

Барыс Пятровіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сачанка. Барыс Пятровіч, сапраўднае Барыс Пятровіч Сачанка (Barys Piatrovič, Barys Piatrovich, Barys Piatrovicz; нар. 17 ліпеня 1959, в. Вялікі Бор, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць, БССР) — беларускі пісьменнік, празаік.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1959 г. у в. Вялікі Бор у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Працаваў у абласным і рэспубліканскім друку «Гомельская праўда», «Звязда», «Літаратура і Мастацтва», часопісе «Полымя». З 1990 — адказны сакратар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

«Праца ў „Гомельскай праўдзе“ — доўгіх шэсць гадоў. Пры ўсім пры тым — слаўныя былі часы. Пачалася перабудова. Пры газеце мы з Сяргеем Дубаўцом стварылі моладзевае аб’яднанне, якое потым перарасло ў гомельскую „Талаку“, якая існуе і па сёння і на базе якой узраслі ці не ўсе дэмакратычныя суполкі ды партыі гораду. Дзіўна, але беларускамоўнай моладзі ў, здавалася б, самым русіфікаваным беларускім краі аказалася нямала. „Мы будзем змагацца за незалежную Беларусь нават са зброяй у руках“, — наіўна гаварылі мы між сабою. І ніхто не думаў, што „волат на гліняных нагах“ і сам разваліцца праз пяць гадоў. Такім чынам, менавіта там, у Гомелі, адбылося і маё канчатковае далучэнне да незалежніцкага руху… У 1990 годзе пераехаў у Мінск. Спачатку на працу ў „Звязду“, а праз чатыры месяцы перайшоў у „ЛіМ“. Дыхалася тут лягчэй, ды і сама праца была больш творчай. Прыдумаў сабе рубрыку „Кола дзён“, якую рабіў фактычна адзін… З 1997 года далучыўся да праваабарончага руху, да „Вясны“ Алеся Бяляцкага. Як журналіст і рэдактар да апошняга часу рабіў „вясноўскі“ бюлетэнь „Права на волю“ (1998—2010).»[1]

Калі ў 2002 годзе беларуская ўлада вырашыла шчыльна заняцца творчай інтэлігенцыяй літаратурныя і мастацкія выданні, што належалі дзяржаве, былі аб’яднаныя ў холдынг з жорстка структураванай сістэмай кіравання і адназначнай ідэалагічнай скіраванасцю — лаяльнасцю да дзеянняў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі вялікая колькасць літаратараў была вымушаная пакінуць месца сваёй працы. Гэтаксама зрабіў Барыс Пятровіч.

У 2002 годзе ён заснаваў і стаў галоўным рэдактарам новага літаратурнага часопіса «Дзеяслоў», які за адносна кароткі час здолеў заваяваць папулярнасць і вядомасць у краіне, зрабіўшыся самым аўтарытэтным незалежным літаратурна-мастацкім выданнем Беларусі. Вакол «Дзеяслова» аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне пісьменнікі, а таксама перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

У снежні 2011 г. Барыс Пятровіч абраны старшынёй Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» — найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі, што аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 450 сяброў. У якасці куратара серыі і рэдактара выдаў больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка»[2] (сярод іх намінанты і лаўрэаты прэміі імя Гедройца «Час збіраць косткі» В. Казько, «Жанчына і леапард» Т. Барысік і інш.), а таксама больш дзесятка кніг ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».[3]

Творчасць

Барыса Пятровіча называюць яскравым прадстаўніком экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.

«Міф, які стварае Барыс Пятровіч, адначасова і ўніверсальны, і беларускі. Прастора дзеяння тэкстаў заўсёды Беларусь, але гэтая Беларусь успрымаецца не як правінцыя, а як цэнтр, і герой не маргінал, а чалавек сусвету… Адметная рыса творчасці Барыса Пятровіча — сінтэз набыткаў сусветнай культуры і аўтахтоннай, аўтэнтычнай беларушчыны… Барысу Пятровічу ўдаецца спалучаць неспалучальнае — традыцыйную „вясковую“ прозу і інтэлектуальную, пошукавую плынь» (Людміла Рублеўская)[4]

«Барыс Пятровіч мае выключнае стылістычнае чуццё, адметнасць якога ўкаранёная ў здольнасці абіраць адзіна магчымыя словы для аднаўлення ў вобразе прынцыпова значных з’яваў… Талент стыліста шчасліва лучыцца з майстэрствам сюжэтабудавання: Барыс Пятровіч здольны вылушчыць ядро арыгінальнай ідэі з фабулы, здавалася б, ужо даўно і безнадзейна змучанай мастакоўскімі эксплуататарскімі захадамі.» (Ірына Шаўлякова)[5]

«У творах Барыса Пятровіча адчуваецца рэальнае духоўнае быццё… Быццё пазачасавае, так бы мовіць, спрасаванае ў імгненнях вечнасці, і ў канкрэтна пазначаным часе, у сучаснасці, пазнавальнай і відавочна рэальнай. Хаця пісьменнік умее рэальнае выштурхнуць у закрэсленае, няўстойлівае, прапануе адчуць бязмежнасць праў, думак, мрояў»[6]

Творы Барыса Пятровіча перакладзеныя на англійскую, французскую, нямецкую, рускую, польскую, чэшскую, балгарскую, славацкую, літоўскую, украінскую і іншыя мовы. Сярод найбольш удалых перакладаў сталіся творы «Плошча» і «Фрэскі» (Barys Pjatrovitj, «Fresker». Malmö (2008); Barys Pjatrovitj «Torget», Malmö, (2011) пераствораныя па-шведску Дзмітрыем Плаксам. Водгукі чытача і крытыкаў былі прыхільнымі і шматлікімі.

«Барыс Пятровіч — мадэрніст, такога ж кшталту, як Маякоўскі і Бруна К. Эйер — глыбокі рамантык, які не пазбягае ні асабістага, ні палітычнага» — Кайса Эбэр Ліндстэн, «Гётеборгс-Постэн»

Літаратурная аглядальніца адной з найбуйнейшых шведскіх газет «Сьвенска Дагбладэт» Ёганна Ліндблад прапануе цёпла папляскаць выдавецтву, якое прадставіла шведскім чытачам настолькі актуальнага аўтара.

Прызнанне

У. Арлоў узнагароджвае Б. Пятровіча медалём «100 гадоў БНР» ад імя старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы

Бібліяграфія

Дэбютаваў апавяданнем «Успамін. Яблыкі» у 1988 (часопіс «Крыніца»). Аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасце быць» (2004), «Жыць не страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэнне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015).

Зноскі

  1. Тамковіч А. Жыццё Барыса Пятровіча // «Новы Час» [Электронны рэсурс], 18.02.2011 — Дата доступу 7.10.2015
  2. http://kamunikat.org/Kniharnia_Pismiennika.html
  3. http://kamunikat.org/Bibliateka_czasopisu_Dziejaslou.html
  4. http://prastora.by/knihi/piatrovic-barys-zyc-nie-strasna-freski
  5. з артыкула Ірыны Шаўляковай для электроннай бібліятэкі Bybooks
  6. Сямёнава А. З глыбіняў свядомасці. Барыс Пятровіч // У святой краіне выгнання. Імпрэсіі, адлюстраванні / А. Сямёнава. — Мн.: «Кнігазбор», 2011. — 488 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 10).
  7. Грушэцкі А.. Каб ведаць, чаго вартая твая творчасць, трэба надрукавацца ў «Дзеяслове» (нявызн.). Новы Час (26 чэрвеня 2019). Праверана 28 чэрвеня 2019.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be