Бернарда Бемба
Бернарда Бемба (1433—1519) — італьянскі гуманіст, бацька П’етра Бемба, выдатны венецыянскі дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
Належаў да старажытнага патрыцыянскага роду. Займаў бачныя пасады ў Венецыянскай рэспубліцы. Двойчы быў венецыянскім паслом у Фларэнцыі — у 1474-76 і ў 1478-80 гадах.
Пачаў сваю адукацыю ў Венецыі ў выкладчыка-авераіста са школы Рыяльта. У 1450 годзе, у 17-гадовым узросце, адправіўся вучыцца ў Вічэнцу, дзе пачаў калекцыянаваць манускрыпты. Затым ён пераехаў у Падую, дзе атрымаў сваю першую ўніверсітэцкую ступень у 1455 годзе. У тым жа годзе ён быў уключаны ў венецыянскую дэлегацыю, адпраўленую ў Рым павіншаваць Калікста III з яго ўзыходжаннем на папскі прастол. Бернарда працягнуў сваё вывучэнне грамадзянскай юрыспрудэнцыі і тэалогіі ў Падуі, працягваючы калекцыянаваць рукапісы. На палях аднаго з іх захавалася яго пазнака аб тым, як ён закаханы ў дзяўчыну па імі Фісба. Меркавана, ён меў на ўвазе Магдалену, якая нарадзіла яму сына Барталамеа ў 1457 годзе. Барталамеа пасяліў гэтага пазашлюбнага дзіця ў сваім доме і адносіўся да яго гэтак жа, як і да наступных законных дзяцей — П’етра, Антоніі і Карла[2].
У 1458 годзе, быўшы ў Фларэнцыі, ён закахаўся ў іншую дзяўчыну, але ў 1462 годзе ён ажаніўся з прадстаўніцай знатнага венецыянскага роду Маразіні па імі Алена. Існуе здагадка, што яна была яго ўжо другой жонкай — магчыма, да гэтага ён ужо быў жанаты на даме з роду Марчэла, якая сканала неўзабаве пасля вяселля[2].
Атрымаўшы доктарскую ступень у 1465 годзе ён быў адпраўлены паслом да караля Кастыліі ў 1468 годзе. Ён адплыў у Севілью і арганізаваў шэраг камерцыйных канцэсій, якія забяспечылі яму добразычлівасць сената. Затым ён быў адпраўлены паслом у Бургундыю да Карла Смелага, дзе знаходзіўся там паміж 1471 і 1474 годам, арганізаваўшы анты-турэцкі альянс паміж герцагам і рэспублікай, якія прывялі да Перонскага міру ў 1472 годзе. Таксама ён атрымаў загад быць пасроднікам паміж герцагамі Аўстрыі і Бургундыі ў 1474 годзе. У той час меў вялікія фінансавыя выдаткі і пісаў свайму брату пра недахоп сродкаў[2]. Меркавана, менавіта тады Ганс Мемлінг мог напісаць яго партрэт (апазнанне мадэлі грунтуецца на тым, што ў пейзаж уключана пальма — частка эмблемы Бемба, якая таксама ёсць на партрэце Джынеўры Бенчы; у Бельгіі ж пальмы не растуць і ў іншых партрэтах Мемлінга яна не сустракаецца)[3].
Быўшы падэстай Равены, у 1483 годзе замовіў П’етра Ламбарда будаўніцтва Грабніцы Дантэ. У канцы яго тэрміна на яго паступіла мноства скарг, якія паказваюць на яго несправядлівасць і парушэнне самастойнасці горада, у прыватнасці, патрабаванне рабочай сілы, парушэнне прывілею грамадзянства, царкоўнага прытулку і да т.п.
Адносіны з Джынеўрай Бенчы
Асноўны артыкул: Джынеўра Бенчы Быўшы паслом у Фларэнцыі Бемба закахаўся ў юную Джынеўру Бенчы і, стаўшы яе платанічным прыхільнікам, замовіў у Леанарда да Вінчы яе партрэт. Іх адносіны апеты ў 10 лацінскіх элегіях Крыстафора Ландзіна і Алесандра Брачэсі, якія напісалі іх па заказу Бемба.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 3 Carol Kidwell. Pietro Bembo: lover, linguist, cardinal
- ↑ A Man holding a Coin of Emperor Nero, ca. 1473-74 Архівавана 13 лістапада 2010.
Літаратура
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бернарда Бемба
- Giannetto, Nella. Bernardo Bembo, umanista e politico veneziano / Nella Giannetto L.S. Olschki, Firenze : 1985