Бора Чосіч
Бора Чосіч (па-сербску Бора Ђосић/Bora Ćosić; 5 красавіка 1932, Заграб) — сербскі і харвацкі празаік, эсэіст, публіцыст.
Біяграфія
Бора Чосіч нарадзіўся ў Харватыі, аднак, калі яму было 5 год, сям’я пісьменніка пераехала ў Бялград, дзе ён пражыў больш за паўстагоддзя, да пачатку грамадзянскай вайны, калі эміграваў у Германію. Вывучаў філасофію ў Бялградскім універсітэце, працаваў у рэдакцыях розных часопісаў і на кінастудыі. Як пісьменнік дэбютаваў у сярэдзіне 50-ых гадоў. Аўтар больш за 30 кніг.
Жыве ў Берліне.
Творчасць
Найважнейшы твор пісьменніка — апублікаваная ў 1969 годзе аповесць «Роля маёй сям’і ў сусветнай рэвалюцыі» («Uloga moje porodice u svetskoj revoluciji»). Гумарыстычная аповесць-хроніка, у якой у асаблівым аўтарскім стылі распавядаецца гісторыя тыповай сербскай сям’і падчас Другой сусветнай вайны. Была экранізавана.
Урывак з «Ролі маёй сям’і ў сусветнай рэвалюцыі»:
Мама звычайна спявала песні, прасуючы бялізну, нягледзячы на зубны боль. Вечарам мы гулялі ў незвычайную гульню «Ня зліся, чалавеча!». Потым мяне павялі да лекара, лекар спытаў: «Ён ва сне дрыгаецца?» Мама адказала: «Дрыгаецца!» Лекар нешта пісаў, пасля сказаў: «Гэта псіхічная траўма ў выніку заўчаснага няўмеранага ўдзелу ў напружанай гульні!» Потым сказаў мне: «Глядзі на аблокі і ні пра што не думай!» Я адказаў: «Добра!» Мама купіла мне кубікі; я сказаў: «Гэта лухта!» Я хацеў чытаць кнігу «Незвычайныя прыгоды Карыка і Валі», рускага паходжання. Мама сказала: «Гэта цябе пагубіць!» Я сказаў: «Ну і няхай!»
Творы
- «Vidljivi i nevidljivi čovek», 1962
- «Sodoma i Gomora», 1963
- «Uloga moje porodice u svetskoj revoluciji», 1969
- «Poslovi/sumnje/snovi Miroslava Krleže», 1983
- «Doktor Krleža», 1988
- «Dnevnik apatrida», 1993
- «Dobra vladavina i psihopatologija njenog svakodnjevlja», 1995
- «Carinska deklaracija», 2000
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118903292 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 4 мая 2014.
- ↑ Bora Ćosić // Brockhaus Enzyklopädie