Бурымэ
Бурымэ́ (фр.: bouts-rimes — рыфмаваныя канцы) — верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Бурымэ ўзнікла ў Францыі ў першай палове XVII ст. як чыста літаратурная забава. Часам нават аб’яўляліся спецыяльныя конкурсы на напісанне вершаў на зададзеныя рыфмы. Так, А. Дзюма правёў у Францыі спаборніцтва на лепшае бурымэ і апублікаваў у 1864 г. кнігу, у якую ўвайшлі вершы 350 удзельнікаў спаборніцтва. У 1914 г. падобны конкурс арганізаваў пецярбургскі часопіс «Весна». З XX стагоддзя бурымэ становіцца пераважна эстрадным жанрам: гледачы называюць рыфмы, а артыст-вершаскладальнік экспромтам прыдумвае на гэтыя рыфмы вершаваны тэкст. У наш час бурымэ — жартоўны, пацяшальны верш. Такім, у прыватнасці, з’яўляецца верш Н. Гілевіча «Кулінарна-музычная залежнасць (Парада для музыкантаў)», у якім зарыфмаваныя назвы асобных музычных інструментаў. У беларускай народнай паэзіі бурымэ вядома з самых даўніх часоў, і тут яно, у адрозненне ад літаратурнага бурымэ, не з’яўляецца вершам-забаўкай. Словы, да якіх падбіраюцца рыфмы, не выпадковыя, яны арганізаваныя ў пэўную сістэму, «вядуць» за сабой змест.
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.