wd wp Пошук:

Васіль Стома

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Стома. Васіль Стома (4 сакавіка 1911 — 31 мая 1992) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч эміграцыі.

Біяграфія

Нарадзіўся 4 сакавіка 1911 года ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета Віленскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці). Рана згубіў бацьку. Вучыўся ў мясцовай школе.

Падчас Другой сусветнай вайны ў часе нямецкай акупацыі працаваў у раённай адміністрацыі ў Дзісне. У 1944 годзе разам з маці і сёстрамі выехаў у Германію.

З 1949 года жыў у ЗША, у Нью-Брансуіку (Нью-Джэрсі). Быў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Джэрсі, старшынёй у Беларускім культурна-асветным камітэце, сябрам рэдкалегіі газеты «Беларус», сябрам Рады БНР, парафіянінам царквы Жыровіцкай Божай Маці, выкладчыкам у беларускай суботняй школцы, выступаў ініцыятарам школьных тэатральных пастановак. Працаваў шаўцом у краме адзення. У вольны ад працы ў шавецкай майстэрні час згадваў пра абрады і звычаі Дзісеншчыны, складаў слоўнічак тамтэйшага дыялекту, а таксама пісаў успаміны.

Аўтар кнігі ўспамінаў, прысвечаных Лужкам, — «Маё мястэчка». «Маё мястэчка» ў 1980-х гадах друкавалася на старонках эміграцыйнага часопіса «Беларускі сьвет», у 1998 годзе — у метрапольным «Полымі». Успаміны былі выдадзеныя асобнай кнігай у Мінску ў 2014 годзе, а 2 жніўня 2014 года ў Лужках адбылася прэзентацыя кнігі.[1][2]

Памёр 31 мая 1992 года ў Нью-Брансуіку. Пахаваны на могілкай царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансуіку.

Зноскі

  1. https://hardzin.livejournal.com/97949.html «Маё мястэчка» Васіля Стомы — на радзіме
  2. https://zbsb.org/news/zbsb/9181/ ЗБС «Бацькаўшчына» — «Маё мястэчка» Васіля Стомы — на радзіме

Цікавыя факты

Бібліяграфія

  • Стома, Васіль. Маё мястэчка. Мінск: Лімарыус, 2014. — 292 с. (Беларуская мемуарная бібліятэка) — ISBN 978-985-6968-36-8

Літаратура

  • Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. — Мінск: БГА, 2002.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be