wd wp Пошук:

Вацлаў Іваноўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Іваноўскі.

Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі (7 чэрвеня (25 мая) 1880, фальв. Лябёдка, зараз у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён — 7 снежня 1943, Менск; Псеўданімы: Вацюк Тройца, Браты Далецкія) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Біяграфія

Браты Тадзік, Юрка і Вацік Іваноўскія

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў сям’і Леанарда Іваноўскага, уладальніка фальварку Лябёдка Лідскага павета Віленскай губерні, і Ядвігі з Райхеляў. Меў братоў Юры, Тадэвуша, Станіслава і сястру Алену.

Скончыў у 1904 Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1904 па 1913 займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасля яе расколу ў 1903 ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

У пачатку 1905 года пасля заканчэння практыкі ён атрымлівае працу ў лабараторыі харчовых прадуктаў Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута і пачынае доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Тады ж бярэ шлюб з Сабінай Ячыноўскай, урачыстасць спраўлялі 10.1.1905 г. у рымска-каталіцкім касцёле ў Шаўлях, дзе нарадзілася нявеста.

У 1904-05 член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандыскай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Мінску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газетай «Наша доля» і «Наша ніва» (псеўданім Вацюк Тройца).

Вацлаў Іваноўскі з жонкай Сабінай, 1912

У 1913—1915 Вацлаў Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, садзейнічаў заснаванню беларускай кнігарні В.Ластоўскага. Уваходзіў у кола тых дзеячоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія ўключыліся ў склад ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаў[2]. У сакавіку-верасні 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасці і жыў у Расіі. У Вільні ён пакінуў сям’ю: жонку Сабіну з трыма дзецьмі — Сцяпанам, Вацлавам і малюткай Ганнай, якой тады было толькі пару месяцаў. Неўзабаве яны пераехалі ў сямейны маёнтак Лябёдку.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе (1917) у Мінску. Вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці звязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта абраны завочна.

У 1918 В. Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў А.Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з Я.Лёсікам, А.Уласавым і некаторымі іншымі членамі Рады БНР, спадзючыся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў горад Смаленск.

Пасля вызвалення В.Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.

Восенню 1919, пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, В.Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У лютым-сакавіку 1920 як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь».

У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. У гэтым годзе Вацлаў Іваноўскі ўзяў шлюб з вільнянкай Лігіяй Федаровіч. Цырымонія адбылася ў мясцовай евангелічнай царкве. Сабіна з дзецьмі, тым часам, знаходзіся ў Вільні і працавала настаўніцай у гімназіі.

Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора пазбавіў В. Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы.

Увосені 1922 года Вацлаў Іваноўскі распачаў рэгулярную працу ў Варшаўскай політэхніцы як кіраўнік кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1939 года, спачатку як выкладчык па кантракце, 4 ліпеня 1924 ён атрымаў званне надзвычайнага прафесара, а 1 верасня 1935 — звычайнага прафесара.

Пасля заваявання Польшчы нацысцкай Германіяй, восенню 1939 Вацлаў Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні. З Лябёдкі прыбыла Сабіна з дзецьмі ды з сястрой Аленай Скіндэр. Яны баяліся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады, і таму схаваліся за новай літоўскай мяжой. У студзені 1940 Тадэвуш Іваноўскі атрымаў кафедру заалогіі ў літоўскім Віленскім універсітэце і дапамог Вацлаву атрымаць кафедру хімічнай тэхналогіі, дзе той працаваў да чэрвеня 1941, г. зн. да германа-савецкай вайны; выкладаў ён па-літоўску.

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. Перш чым выехаць з Вільні, даручыў сваёй дачцэ Ганне(польск.) бел. вывезці з Вільні ў Лябёдку дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання — Эму Альтберг(польск.) бел. (1889—1983) і яе сястру Марыю Арнольд (1893—1995)[3]. У 1943 з’яўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі Вільгельме Кубэ, адначасова быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, з 30.6.1943 ўзначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

Пахаванне Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілак

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

Гібель

6 снежня 1943 Вацлава Іваноўскага цяжка паранілі невядомыя на вуліцы. Ён быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты без лекарскай дапамогі[4] назаўтра памёр.

Раней замах на яго прыпісвалі шэфу мінскага СД Штраўху, або савецкім ці польскім партызанам, а выканаўцаў лічылі невядомымі. Гісторык Юры Туронак лічыць, што забойства было арганізавана — з ведама і згоды в.а. генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга — Радаславам Астроўскім, які супернічаў за ўплыў з Іваноўскім[5]. Называюцца і прозвішчы выканаўцаў[4]. У некаторых крыніцах выканаўцам забойства названы М. Васьковіч, працаўнік Менскай гарадской управы і сябра Беларускага навуковага таварыства, які пасля ўцёк да савецкіх партызанаў[6].

Распаўсюджаная версія пра здзяйсненне замаху савецкімі партызанамі была прынятая, з розных прычын, як у пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі, так і ў беларускім эмігранцкім асяродку, але, відаць, была створаная і пушчаная ў абарот Готбергам[5].

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

З 1922 года Вацлаў Іваноўскі распачаў рэгулярную працу ў Варшаўскай політэхніцы як кіраўнік кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1939, спачатку як выкладчык па кантракце, у 1924 ён атрымаў званне надзвычайнага прафесара, а ў 1935 — звычайнага прафесара. Тэматыка навуковых доследаў, якія ён праводзіў і якімі кіраваў, супадала з найважнейшымі патрэбамі тагачаснай польскай гаспадаркі, сярод іх на першым месцы стаялі разнастайныя тэхналагічныя аспекты харчовай прамысловасці.

Праблемны аспект тэхналогіі харчовай прамысловасці адлюстроўваюць працы Вацлава Іваноўскага, выкананыя часткова супольна з іншымі навуковымі супрацоўнікамі Політэхнікі, прысвечаныя перапрацоўка садавіны і гародніны, дрожджам, пякарству і інш. З прафесарам Юзафам Турскім(польск.) бел. даследаваў спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва. Займаўся пытаннем насычэння драўніны, што было звязана з яго працай на чыгунцы ў якасці эксперта. Вывучаў праблему ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў.

Вынікі даследчых прац прафесара В. Іваноўскага публікаваліся ў польскай хімічнай перыёдыцы і ў замежных выданнях. Як эксперт у галіне тэхналогіі, ён прадстаўляў Польшчу на міжнароднай канферэнцыі па праблемах стандартызацыі харчовых аналізаў у Парыжы (1929), на міжнародным кангрэсе тэхнікі для малочнай вытворчасці ў Капенгагене (1931) і інтэрнацыянальным хімічным кангрэсе ў Будапешце (1939).

Сям’я

Першы шлюб

  • жонка Сабіна з Ячыноўскіх (1877—1954)
  • сын Стэфан (1907—1944), выпускнік Варшаўскай політэхнікі, інжынер-электрык, лётчык, паручнік Арміі Краёвай, загінуў у Варшаўскім паўстанні
  • сын Вацлаў (1910—1944), выпускнік Варшаўскай політэхнікі, інжынер-гідратэхнік, сержант падхарунжы Арміі Краёвай, удзельнік Варшаўскага паўстання, смяротна паранены
  • дачка Ганна(польск.) бел. (1915—2017), выпускніца Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, інжынер-агратэхнік

Другі шлюб

  • жонка Лігія Федаровіч
  • сын Пётр-Леанард (1922—1944), навучэнец інжынернай школы ў Варшаве, удзельнік Варшаўскага паўстання, загінуў

Ацэнкі

Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі Вацлава Іваноўскага як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі — як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. Затым гэта постаць на многія гады была выкрэсленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа. Асуджэнне В. Іваноўскага савецкімі ўладамі было выкліканае не толькі яго пазіцыяй часоў нямецкай акупацыі, яно датычылася ўсёй яго дзейнасці ўвогуле.[5] З 1990-х г. у паглядзе на гэтую супярэчлівую фігуру пазначыліся прыкметныя карэктывы — у тым ліку дзякуючы працам польскага гісторыка Юры Туронка.

Ушанаванне памяці

Магіла Вацлава Іваноўскага на Кальварыйскіх могілках

16 снежня 2006 адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму.[7] Сіламі грамадскіх актывістаў на магіле праводзяць талокі, прыносяць кветкі.

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 26 верасня 2020.
  2. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 283.
  3. 20 нечаканых фактаў пра Вацлава Іваноўскага
  4. 1 2 Туронак, Нямецкая акупацыя…
  5. 1 2 3 Туронак Ю. В. Іваноўскі…
  6. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.303
  7. На Кальварыі адкрыты помнік Вацлаву Іваноўскаму

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be