Вольга Фёдараўна Бергольц
Вольга Фёдараўна Бергольц (3 (16) мая 1910, Санкт-Пецярбург — 13 лістапада 1975, Ленінград) — руская паэтэса, празаік.
Біяграфія
З 1918 па 1920 год разам з сям’ёй жыла ў г. Угліч у былых келлях Богаяўленскага манастыра. Расла і вучылася ў працоўнай школе, якую скончыла ў 1926 годзе.
У 1925 годзе прыйшла ў літаратурнае аб’яднанне рабочай моладзі — «Змена», дзе сустрэла паэта Барыса Карнілава — першага мужа, за якога выйшла замуж у 1928 годзе. 13 кастрычніка таго ж года нарадзіла дачку Ірыну, якая памерла 14 сакавіка 1936 года ва ўзросце сямі гадоў.
З 1930 года працавала ў дзіцячай літаратуры, друкавалася ў часопісе «Чиж», выдала сваю першую кнігу — «Зима-лето-попугай».
Скончыўшы ў 1930 годзе Ленінградскі ўніверсітэт, пераязджае ў Казахстан, працуе карэспандэнтам газеты «Савецкі стэп», пра што расказала ў кнізе «Глубинка» (1932). Вярнуўшыся ў Ленінград, працавала рэдактарам у газеце завода «Электросила» (1931—1934). У 1933—1935 гадах выходзяць кнігі: нарысы «Годы штурма», зборнік апавяданняў «Ночь в Новом свете», першая «дарослая паэтычная кніга» — зборнік «Стихи», з якіх пачынаецца паэтычная вядомасць Бергольц.
У 1932 годзе ў Бергольц нарадзілася другая дачка — Мая, якая памерла праз год.
У 1934 годзе прынята ў Саюз Савецкіх пісьменнікаў, адкуль была выключана 16 мая 1937 года, але была адноўлена ў ліпені 1938 года. Зноў была выключана пасля арышту, 5 студзеня 1939 года.
13 снежня 1938 года была арыштавана па абвінавачванні «ў сувязі з ворагамі народа» і як удзельніца контррэвалюцыйнай змовы супраць Варашылава і Жданава, у зняволенні пасля катаванняў нарадзіла мёртвае дзіця. 3 ліпеня 1939 года была вызвалена і цалкам рэабілітавана. У 1960 выходзіць кніга «Дневные звёзды».
Апошняя надрукаваная кніга — зборнік вершаў «Память», які выйшаў ў 1972 годзе ў Маскве.
Памерла Вольга Бергольц ў Ленінградзе 13 лістапада 1975 года. Пахавана на Літаратарскіх мастках Волкаўскіх могілак. Помнік на магіле паэтэсы з’явіўся толькі ў 2005 годзе.
Дзённікі, якія паэтэса вяла шмат гадоў, пры яе жыцці не былі апублікаваныя. Пасля смерці Вольгі Бергольц яе архіў быў канфіскаваны ўладамі і змешчаны ў спецсховішчы. Фрагменты дзённікаў і некаторыя вершы з’явіліся ў 1980 годзе ў ізраільскім часопісе «Час і мы».
Зноскі
- 1 2 3 Лесневский С. С. Берггольц // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
- ↑ Olga Fjodorowna BERGGOLc // FemBio: Банк інформації про видатних жінок, Frauendatenbank, Банк данных о выдающихся женщинах, Görkəmli qadınlar haqqında məlumat bankı Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118509462 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.