wd wp Пошук:

Віктар Марціновіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Марціновіч. Віктар Валер’евіч Марціновіч (нар. 9 верасня 1977, Ашмяны) — беларускі журналіст, мастацтвазнавец, пісьменнік.

Біяграфічныя звесткі

Скончыў факультэт журналістыкі і аспірантуру БДУ. У 2002—2015 гадах намеснік рэдактара «БелГазеты». Выкладчык ЕГУ. Абараніў (27.6.2008) доктарскую дысертацыю ў Віленскай акадэміі мастацтваў на тэму: «Віцебскі авангард (1918—1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка»[3].

Творчасць

Выдаў раман «Параноя» на рускай мове (2009), які негалосна быў забаронены да продажу ў Мінску[4] і інтэрнэт-кнігарні oz.by[5][6]. Раман пра каханне, напісаны ў жанры reality-антыўтопіі, быў пасля перакладзены на англійскую, фінскую, нямецкую мовы і выдадзены ў ЗША, Фінляндыі і Германіі.

У чэрвені 2011 года прэзентаваў свой першы беларускамоўны раман «Сцюдзёны вырай». Гэты «раман з патройным самагубствам аўтара», прысвечаны беларускай літаратуры. Паводле аўтара, твор мусіў распаўсюджвацца выключна ў электронным выглядзе і не выходзіў у друкаваным варыянце[7]. Гэта першы раман у гісторыі беларускай літаратуры, апублікаваны адразу ў выглядзе прэс-рэлізу.

Трэці раман В. Марціновіча, гангстарская трагікамедыя «Сфагнум» (2013). У рамане трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся і ад крэдытораў, і ад крымінальнага вышуку. Усё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская веска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Раман увайшоў у доўгі спіс расійскай прэміі «Нацыянальны бестселер». «Сфагнум» быў выпушчаны на рускай мове ў выглядзе інтэрнэт-рэлізу, а ў перакладзе на беларускую мову — у друкаванай версіі.

«Мова» (2014) — новы жанравы эксперымент Віктара Марціновіча, сацыяльная фантастыка з «мовай» у якасці галоўнага героя. Дзеянне адбываецца ў фантастычнай будучыні — Кітай і Расія аддзяліліся мурам ад Еўропы, якая страціла сваю веліч, і ўтварылі квітнеючую саюзную дзяржаву. Цэнтр Мінска ператварыўся ў густанаселены кітайскі квартал. Галоўны герой кнігі разам з мінскім падполлем (кітайскай мафіяй) змагаюцца з сістэмай, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

Віктар Марціновіч адзначае:

У гэтым тэксце мова выступае не толькі як сродак камунікацыі, але і ў новай, дагэтуль нікім не скарыстанай функцыі. Мова з’яўляецца таямніцай і прычынай вайны вулічных бандаў.[8]

Пяты раман Віктара Марціновіча «Возера радасці» выйшаў у перакладзе на беларускую мову ў выдавецтве «Кнігазбор» улетку 2016 года. У аснове аповеду ляжыць жыццё дзевяцігадовай Ясі ў ціхай вёсцы, дзе час нібыта спыніўся. Дзяўчынка цяжка перажывае смерць маці, нягледзячы на гэта, бацька адвозіць яе ў інтэрнат. Аднойчы Яся вырашае збегчы і вярнуцца дадому. Пераклад кнігі на беларускую мову падрыхтаваў Віталь Рыжкоў. Яму таксама належыць дызайн вокладкі выдання.

«Ноч» (2018) — гэта і антыўтопія, і раман-травелог, і раман-гульня. Свет занурыўся ў бясконцую халодную ноч. У вольным горадзе Грушаўка вада па раскладзе, адзіная газета «Газета» перапісваецца пад капірку і не працуе компас. Галоўны герой Кніжнік — уладальнік адзінай у горадзе бібліятэкі і апошняга сабакі. Узяўшы мапу новага свету і том Герадота, Кніжнік выпраўляецца на пошукі каханай жанчыны, якая ў момант блэкаўту апынулася ў Непале. Раман выйшаў па-руску і па-беларуску ў аўтарскім перакладзе[9].

Галоўны герой рамана «Рэвалюцыя» (2020) — выкладчык з Беларусі, які трапляе ў суплёт выпрабаванняў у сучаснай Маскве і вымушаны спасцігнуць, чаму адмова ад індывідуальнай свабоды такая спакуслівая. Пераклад рамана на нямецкую мову выдадзены ў Германіі ў студзені 2021 года.

Прэміі і ўзнагароды

У 2012 годзе Віктар Марціновіч быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы[10] за раман «Сцюдзёны вырай».

У 2014 атрымаў прэмію (Encouragement Award) Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society).

Творы

  • Параноя, 2009
  • Табу, 2010
  • Сцюдзёны вырай, 2011
  • Сфагнум, 2013
  • Мова, 2014
  • Радзіма. Марк Шагал у Віцебску, 2015
  • Возера радасці, 2016
  • Ноч, 2018
  • Рэвалюцыя, 2020

Экранізацыі

Рэжысёр Аляксей Палуян у 2019 годзе стварыў па матывах аднайменнага рамана мастацкі фільм «Возера радасці».

Цытаты

Мы ўсе — людзі без Радзімы. Бо Радзіма — гэта месца, дзе цябе ўсе, абсалютна ўсе, да апошняга сабакі, разумеюць.[11]

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1036842177 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 (unspecified title) Праверана 2 студзеня 2022.
  3. Паспяховая абарона доктарскай дысертацыі выкладчыкам ЕГУ Віктарам Марціновічам(недаступная спасылка) Сайт ЕГУ
  4. Раман Марціновіча забаранілі прадаваць на кірмашы(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 1.12.2009
  5. Кнігу Марціновіча «Параноя» ўжо забаранілі прадаваць і ў інтэрнэт-крамах(недаступная спасылка) // Еўрапейскае радыё для Беларусі, 3.12.2009, 13:45
  6. Кнігу «Параною» Марціновіча знялі з продажу на oz.by(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 3.12.2009
  7. Электронны “Сцюдзёны вырай” ад Віктара Марціновіча (нявызн.). Радыё Свабода. Праверана 19 чэрвеня 2011.
  8. http://budzma.by/budzma/mova-byelaruskaya-minsk-kitayski-vyersiya-viktara-marcinovicha.html
  9. nashaniva.by
  10. Найлепшай дэбютнай кнігай – 2011 стала… (нявызн.). Радыё Свабода. Праверана 15 сакавіка 2012.
  11. Віктар Марціновіч: Народ без Радзімы // Наша ніва

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be