wd wp Пошук:

Віктар Цой

Ві́ктар Ро́бертавіч Цой, (21 чэрвеня 1962, Ленінград — 15 жніўня 1990, Латвія) — савецкі і расійскі музыкант, заснавальнік і лідар рок-гурта «Кино».

Біяграфія

Віктар Цой нарадзіўся ў Ленінградзе ў сям’і выкладчыка фізкультуры Валянціны Васільеўны Цой і інжынера Роберта Максімавіча Цоя. Адзінае дзіця ў сям’і. З 1974 да 1977 наведвае сярэднюю мастацкую школу, дзе ўзнікае гурт «Палата № 6» на чале з Максімам Пашковым. Пасля выключэння за непаспяховасць з мастацкага вучылішча імя В. Сярова (зараз імя Мікалая Рэрыха) паступае ў СГПТВ-61 на спецыяльнасць разбяра па дрэве. У маладосці быў прыхільнікам акцёра Міхаіла Баярскага і Уладзіміра Высоцкага, пазней Бруса Лі, імідж якога пачаў пераймаць.

Захапляўся ўсходнімі адзінаборствамі, прафесійна маляваў, выразаў фігуркі нэцкэ з дрэва.

«Сцяна Цоя» на Крываарбацкім завулку ў Маскве

Сям’я

  • Дзед Віктара Цоя па бацьку — Сын Дзюн Цой (Максім Максімавіч Цой) — карэец з Казахстана, у якога было чатыры сыны: Юрый, Роберт (бацька Віктара), Леанід і Леў, а таксама дачка Ала[7]. Такім чынам, з боку бацькі ў Віктара Цоя было 3 родных дзядзькі і цётка.
  • Бацька Роберт Максімавіч Цой (нар. у маі 1938) — інжынер.
  • Маці Валянціна Васільеўна (дзявочае прозвішча Гусева) (8 студзеня 1937 — 28 лістапада 2009, Пушкін) — настаўніца фізкультуры.
  • Мар’яна Ігараўна Цой (дзявочае прозвішча Кавалёва, у першым шлюбе — Радаванская) (5 сакавіка 1959 — 27 чэрвеня 2005) — жонка. Віктар Цой і Мар’яна разышліся ў 1987 годзе, ён сышоў да Наталлі Разлогавай, якая жыла ў Маскве. Аднак шлюб афіцыйна Віктар і Мар’яна не скасоўвалі[8].
  • Аляксандр Віктаравіч Цой (нар. 5 жніўня 1985[9]) — адзіны сын Віктара, працуе праграмістам, афіцыйна аформіў адносіны з Аленай Асокінай у снежні 2010, у гэты ж час ажаніўся другі раз Роберт Максімавіч Цой, яго дзед[10]; у сваім першым інтэрв’ю (чэрвень 2012, «Масква-24») паведаміў, што займаецца сваім клубам, піша музыку і зарабляе як дызайнер-афарміцель[11]. Быў гітарыстам у групе «Para bellvm»
  • Наталля Эмільеўна Разлогава — апошняя каханая Віктара Цоя, кнігазнавец і перакладчыца, сястра вядомага кнігазнаўца Кірыла Разлогава, пасля смерці Цоя выйшла замуж за журналіста Яўгена Додалева і з’ехала ў ЗША. У іх з мужам двое дзяцей, яе можна ўбачыць у дакументальных фільмах пра Цоя — «Сонечныя дні» (1996), «Яловая субмарына: Віктар Цой. Дзеці хвілін» (2008), «Жыццё як кіно» (2005)[12].

Творчасць

У канцы 1970-х Віктар Цой пазнаёміўся з Аляксеем Рыбіным з аматарскай групы «Пілігрымы». Віктар тады граў на бас-гітары ў гурце «Палата № 6» пад кіраўніцтвам Максіма Пашкова. Віктар Цой і Аляксей Рыбін заходзілі ў госці да Міхаіла Навуменкі («Майка») ці да Андрэя Панова («Свіна»), на кватэры якога рэпетыравала панк-група «Аўтаматычныя здавальняльнікі». У складзе «Аўтаматычных здавальняльнікаў» Цой і Рыбін ездзілі ў Маскву і гралі панк-рок на кватэрніках Арцемія Троіцкага. Пасля адной з такіх паездак Віктара Цоя, які спяваў пад гітару ў электрычцы, заўважыў аўтарытэтны прадстаўнік рок-андэрграўнда Барыс Грабеншчыкоў. Ен прапанаваў Віктару дапамогу і падтрымку не толькі са свайго боку, але і з боку музыкаў гурта «Акварыум».

Першыя запісы

Летам 1981 году Віктар Цой, Аляксей Рыбін і Алег Валінскі заснавалі групу «Гарын і Гіпербалоіды», якая ўжо ў верасні 1981 года падала заяўку на ўступленне ў Ленінградскі рок-клуб. Неўзабаве Валінскага прызвалі ў Савецкую армію. У студзені 1982 года гурт быў пасля «выпрабавальнага тэрміну» фармальна прыняты ў рок-клуб і, змяніўшы назву на «Кіно», прыступіў да запісу першага альбома. У сакавіку 1982 года Віктар Цой пазнаёміўся з Мар’янай Кавалёвай, якая пачала выконваць у гурце абавязкі касцюмера і грымёра (пазней, пасля сыходу Рыбіна — адміністратара). Увесну 1982 года «Кіно» з дапамогай Барыса Грабеншчыкова запісвалі свой першы альбом на студыі Андрэя Трапілы ў ленінградскім Доме юнага тэхніка. У красавіку 1982 года «Кіно» выступілі на канцэрце маладых гуртоў у Ленінградскім рок-клубе з сям’ю песнямі. Выступленне ішло пад драм-машыну, Віктару Цою і Аляксею Рыбіну дапамагалі Барыс Грабеншчыкоў, Майк (Міхаіл Навуменка) і Панкер (Ігар Гудкоў).

Да лета 1982 альбом быў завершаны, працягласць яго гучання складала 45 хвілін, адкуль і з’явілася назва. Але пазней з канчатковага варыянту была прыбрана песня «Я — асфальт», якую можна знайсці ў перавыданні альбому «45», дзе яна прыкладаецца ў якасці бонус-трэка.

Запіс разышоўся па буйных гарадах СССР, пра гурт загаварылі, пачасціліся канцэрты ў Маскве і Ленінградзе. Часам у складзе «Кіно» ў той перыяд выступаў барабаншчык «Акварыума» Пётр Трошчанкаў. «У Маскве мы гралі ў самых розных месцах — на кватэрах, у клубах, дзе на сцэне стаялі бюсты Леніна і іншых партыйных дзеячаў, у прэс-цэнтры ТАСС, куды нас зацягнуў Арцём Троіцкі, у маленькіх тэатрах, куды пратэжыраваў [Сяргей] Рыжэнка… Пасябравалі з Сашам Ліпніцкім і сталі спыняцца ў яго…» — успамінаў Аляксей Рыбін[13].

Увосень, разам з барабаншчыкам «Заапарка», «Кіно» запісваюць у студыі Кускова некалькі песень, у тым ліку «Вясна» і «Апошні герой», якія пазней увайшлі ў зборнік «Невядомыя песні Віктара Цоя» (усяго чатыры выданні). У 1982 годзе запіс быў забракаваны і не пашыраўся, бо Цой забраў стужку сабе.

19 лютага 1983 года праходзіць сумесны электрычны канцэрт «Кіно» і «Акварыума», музыкі выступалі з цёмным макіяжам і ў касцюмах са стразамі. Пры гэтым яны спявалі песні «Электрычка», «Тралейбус» і «Алюмініевыя агуркі», але якасць выканання, паводле ўспамінаў М. Цой і А. Рыбіна, пакідала жадаць лепшага. Увесну 1983 з-за рознагалоссяў з Цоем Рыбін пакінуў гурт «Кіно». Лета прайшло ў рэпетыцыях з новым гітарыстам; у выніку Віктар Цой і Юры Каспаран запісалі альбом «46», які спачатку задумваўся як дэмазапіс «Начальніка Камчаткі». Гукарэжысёр Аляксей Вішня без ведама музыкаў «скінуў» запіс некалькім сябрам на стужку, «46» атрымаў шырокае распаўсюджванне і быў успрыняты як паўнавартасны альбом, хаця Цой яго такім не лічыў. Восенню 1983 года Віктар Цой лёг на абследаванне ў псіхіятрычную бальніцу на Пражцы, дзе правеў паўтара месяца, пазбягаючы прызыву ў войска. Пасля выпіскі з клінікі ён піша песню «Транквілізатар». Вясной 1984 года выступіў на другім фестывалі рок-клуба, дзе «Кіно» атрымала лаўрэацкае званне, а песня «Я аб’яўляю свой дом бяз’ядзернай зонай» была прызнана лепшай антываеннай песняй фестывалю 1984 года.

Другі склад «Кіно»

У лютым 1984 Віктар і Мар’яна зарэгістравалі шлюб[14]. На вяселле былі запрошаны Грабеншчыкоў, Майк, Цітоў, Каспаран, Гур’янаў і іншыя.

Вясной 1984 года ў студыі Андрэя Трапілы пачаўся запіс альбома «Начальнік Камчаткі», да якога, акрамя Віктара Цоя, Юрыя Каспарана, Георгія Гур’янава, Аляксандра Цітова, прыклалі руку Барыс Грабеншчыкоў, Сяргей Курохін і іншыя вядомыя музыкі. Альбом быў дароблены да чэрвеня 1984 года.

Вясной 1985 года ўдзельнікі «Кіно» атрымалі яшчэ адно званне лаўрэата на рок-фестывалі і паспрабавалі запісаць альбом «Ноч» у студыі А. Трапілы. Працэс запісу зацягнуўся з-за жадання стварыць музыку з новымі прыемамі ігры. Альбом не атрымліваўся, Віктар кінуў «Ноч» недаробленай і ў студыі Аляксея Вішні заняўся запісам альбома «Гэта не каханне», які быў падрыхтаваны ўсяго за тыдзень з невялікім. Да восені 1985 года альбом «Гэта не каханне» быў зведзены і ўдала разышоўся па СССР, а ў студзені 1986 выйшла «Ноч», сярод песень якой былі «Маці-Анархія» і «Бачылі ноч». Паралельна з распаўсюдам стужкі расце папулярнасць Віктара Цоя. У лютым 1986 года на 4-м фестывалі рок-клуба «Кіно» атрымлівае дыплом за лепшыя тэксты. У той час канчаткова сфармавалася творчае ядро гурта: Віктар Цой, Юрый Каспаран, Георгій Гур’янаў, Ігар Ціхаміраў (апошні замяніў гітарыста Аляксандра Цітова, які граў з «Кіно» ў 1984—1985 гг., але ў рэшце рэшт зрабіў выбар на карысць «Акварыума»).

Летам 1986 года ўдзельнікі групы едуць у Кіеў на здымкі фільма «Канец вакацый» (рэжысер Сяргей Лысенка), а крыху пазней даюць сумесны канцэрт з «Акварыумам» і «Алісай» у Маскве, з гэтымі ж групамі ў ЗША выходзіць кружэлка «Чырвоная хваля» (прадзюсар — Джаана Стынгрэй). Увосень 1986 года Віктар Цой пачаў працаваць качагарам у ленінградскай кацельні «Камчатка» (зволіўся ў студзені 1988 года). У ёй адбыліся здымкі кароткаметражнага фільма «Йа-Хха» Рашыда Нугманава, там жа часткова здымаўся фільм «Рок» Аляксея Учыцеля — абодва фільмы з удзелам Цоя. Восень і зіма праходзяць у Ялце на здымках «Ассы» Сяргея Салаўёва.

Вясна 1987 была багатая на падзеі: прэм’ера «Ассы», апошні ўдзел у фестывалі рок-клуба, дзе «Кіно» атрымалі прыз «За творчае паўналецце».

На порта-студыі «Yamaha MT44» «Кіно» пачалі запісваць альбом «Група крыві». Восенню 1987 года Віктар ляціць да Рашыда Нугманава ў Алма-Ату на здымкі свайго апошняга фільма «Ігла», у сувязі з гэтым «Кіно» дапрацоўвалі «Групу крыві» і на нейкі час спынілі канцэртную дзейнасць. У 1988 годзе выйшаў фільм «Ігла» і альбом «Група крыві», якія спарадзілі «кінаманію».

Пачынаюцца трыумфальныя гастролі па СССР — «Кіно» збірае аншлагі на ўсіх канцэртах.

16 лістапада 1988 г. на канцэрце памяці Аляксандра Башлачова публіка паводзіць сябе вельмі актыўна; па плане канцэрт павінна была завяршаць песня Башлачова «Час званочкаў» (у запісе), памяці якога быў прысвечаны канцэрт, але па нявысветленых прычынах падчас выступу Цоя (ён граў на гітары) раптам уключылі «Час званочкаў», Цой спыніў граць, не разумеючы, адкуль ідзе гук і што наогул адбываецца. Адміністрацыя абвяшчала, што ўсім трэба разыходзіцца, канцэрт скончаны. Цой не сыходзіў, ен некалькі разоў падыходзіў да выключаных мікрафонаў і правяраў, ці працуюць яны. Потым разводзіў рукамі — «не працуе», і хадзіў па сцэне туды і сюды. Публіка не разыходзілася, людзі шумелі. Стваралася ўражанне, што нейкая злая воля вырашыла спыніць канцэрт і ўключыла фінальную песню прама падчас выступу Цоя. Праз 10 хвілін гэтага супрацьстаяння адміністрацыя ўключыла мікрафон. Цой, у чарговы раз падышоўшы правяраць мікрафон, пачуў, што ён уключаны, і абвясціў людзям, што па незразумелых прычынах несвоечасова была ўключана фінальная песня Сашы Башлачова, што пасля гэтага спяваць і граць ужо не вельмі зручна. Пасля гэтага ён стаў збірацца і публіка пацягнулася да выхаду.

Вясной 1988 запісваецца чарнавік, а зімой канчатковы варыянт альбома «Зорка па імені Сонца». Цой знаёміцца з Юрыем Айзеншпісам, які з 1989 стаў прадзюсарам «Кіно». Ю. Айзеншпіс, які замяніў Юрыя Бялішкіна, арганізоўваў для «Кіно» маштабныя канцэртныя туры і частыя выступленні на тэлебачанні[15], што значна павялічыла папулярнасць гурта. У дзень 50-годдзя Цоя Аляксандр Градскі ў эфіры канала «Масква-24» распавёў, што ў той перыяд Арцемій Троіцкі інспіраваў ліст у Маскоўскі гаркам, які павінен быў настроіць маскоўскіх рок-музыкаў супраць Віктара Цоя.[16]

На тэлебачанні Віктар Цой дэбютаваў у праграме «Погляд», пра гэта расказана ў кнізе «Погляд» — бітлы перабудовы[17].

У пачатку 1989 гурт «Кіно» едзе ў Францыю, дзе музыкі запісваюць і выпускаюць альбом «Апошні герой». У маі 1989 года адбыліся канцэрты гурта на чале з Віктарам Цоем у Беларусі (Мінск, Віцебск). Летам Віктар з Юрыем Каспаранам едуць у ЗША. Тым часам «Ігла» выйшла на другое месца ў пракаце савецкіх фільмаў, а на кінафестывалі «Залаты Дзюк» у Адэсе Віктара Цоя прызнаюць лепшым акцёрам СССР.

24 чэрвеня 1990 года прайшоў апошні канцэрт «Кіно» ў Маскве на Вялікай спартыўнай арэне Лужнікоў. Пасля гэтага Цой з Каспаранам на дачы пад Юрмалай пад акустычную гітару працавалі над новым альбомам. Гэтыя запісы, даробленыя музыкамі групы «Кіно» ўжо пасля смерці Цоя, выйшлі ў снежні 1990 года па ініцыятыве Юрыя Айзеншпіса і атрымалі сімвалічную назву «Чорны альбом», з адпаведным афармленнем вокладкі.

Смерць у аўтакатастрофе

15 жніўня 1990 года ў 12 гадзін 28 хвілін Віктар Цой загінуў у аўтакатастрофе. Трагедыя адбылася на 35 кіламетры трасы «Слока — Талсі» пад Тукумсам у Латвіі, у некалькіх дзесятках кіламетраў ад Рыгі. Згодна з найбольш праўдападобнай афіцыйнай версіяй, Цой заснуў за рулём[18], пасля чаго яго «Масквіч-2141» цёмна-сіняга колеру[19] выляцеў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтобусам «Ікарус», мадэлі 250[20] (часам гэты аўтобус ідэнтыфікуюць як 280 мадэль[18][21][22]).

Столкновение автомобиля «Москвич-2141» тёмно-синего цвета с рейсовым автобусом «Икарус-280» произошло в 12 час. 28 мин. 15 августа 1990 г. на 35 км трассы Слока — Талси. Автомобиль двигался по трассе со скоростью не менее 130 км/ч, водитель Цой Виктор Робертович не справился с управлением. Смерть В. Р. Цоя наступила мгновенно, водитель автобуса не пострадал. …В. Цой был абсолютно трезв накануне гибели. Во всяком случае, он не употреблял алкоголь в течение последних 48 часов до смерти. Анализ клеток мозга свидетельствует о том, что он уснул за рулем, вероятно, от переутомления.

з міліцэйскага пратаколу”; па дадзеных сайта kinoman.net[23].

19 жніўня Віктар Цой быў пахаваны на Багаслоўскіх могілках у Ленінградзе[24].

Іншыя версіі гібелі

  • Стваральнікі д/ф з цыкла «Следства вялі…» выказалі здагадку, што Цой мог патрапіць у аварыю, калі вырашыў пераставіць касету ў сваім магнітафоне, тым самым адцягнуўшыся ад руху ў «сляпога павароту» дарогі[25]. Гаворка ў перадачы ішла аб касеце з дэмазапісам апошняга альбома. Аднак гітарыст Юрый Каспаран яшчэ ў 2002 годзе абверг інфармацыю аб наяўнасці гэтай касеты ў аўтамабілі Цоя[26]: «Карыстаючыся выпадкам, хачу развеяць міф, што на месцы аварыі знайшлі касету з дэма „Чорнага альбому“… Усе было не так. Я спецыяльна прыехаў у Юрмалу з апаратурай, з інструментамі, і мы рабілі аранжыроўкі для новага альбома. Калі дарабілі, я забраў касету і паехаў у Пецярбург. Я прыехаў раніцай, увечары даведаўся аб тым, што здарылася. І паехаў назад. І касета ўвесь час была ў мяне ў кішэні».

Фільмаграфія

У 1988 годзе, паводле вынікаў апытання кінакрытыкаў часопіса «Советский экран», за выкананне ролі Мора ў фільме «Ігла», Цой быў названы лепшым акцёрам года.

  1. 1986 — «Канец канікул». Рэжысёр Сяргей Лысенка
  2. 1987 — «Асса». Рэжысёр Сяргей Салаўёў[27]
  3. 1988 — «Ігла». Рэжысёр Рашыд Нугманаў
  4. 2010 — «Ігла Remix». Рэжысёр Рашыд Нугманаў

Дакументальныя

  1. 1986 — «Йа-Хха» (дакументальнае відэа). Рэжысёр Рашыд Нугманаў
  2. 1987 — «Рок» (дакументальныя кадры). Рэжысёр Аляксей Учыцель[28]
  3. 1992 — «Апошні герой» (аўтарскі дакументальны фільм). Рэжысёр Аляксей Учыцель[29][30]
  4. 2007 — «Следства вялі… з Леанідам Канеўскім. Віктар Цой: Смяротны паварот» (аўтарскі дакументальны фільм). Рэжысёр Аляксандр Яраслаўцаў[31]
  5. 2012 — «Цой-Кiно» (аўтарскі дакументальны фільм). Рэжысёр Яўген Лісоўскі[32]

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119297396 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 29 красавіка 2014.
  2. 1 2 Viktor Robertovich Tsoi // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Discogs — 2000.
  4. 1 2 Person Profile // Internet Movie Database — 1990.
  5. 1 2 MusicBrainz — MetaBrainz Foundation, 2000.
  6. Find a Grave — 1996.
  7. Прозвішча Цой
  8. Апошняя любоў Цоя Архівавана 28 студзеня 2012.
  9. Аляксандр Цой Архівавана 8 лістапада 2015.
  10. Бацька і сын Віктара Цоя жэняцца
  11. Масква 24 ― Сын Віктара Цоя даў першае тэлевізійнае інтэрв’ю
  12. Рашыд Нугманаў: «Уваскрашэння Цоя не будзе!» Архівавана 28 студзеня 2012.
  13. http://profilib.com/chtenie/66832/aleksey-rybin-tri-kita-bg-mayk-tsoy-39.php
  14. http://profilib.com/chtenie/58972/vitaliy-kalgin-viktor-tsoy-i-ego-kino-7.php
  15. Юрый Шмелевіч Айзеншпіс
  16. Москва 24 ― Ток-шоў Яўгена Додолева: юбілей Віктара Цоя
  17. Выдавецкі Дом «Новы Погляд» // «Погляд» — бітлы перабудовы
  18. 1 2 Схема аварии на сайте РИА Новости // ФГУП РАМИ «РИА Новости» 2007, 15.08.2007;  (Праверана 10 мая 2009): «В 12 час. 28 мин на 35 км трассы из-за поворота со скоростью 60-70 километров в час выехал автобус Икарус, который Цой не заметил.»
  19. Комментарий отца Виктора — Роберта Максимовича, в передаче «Битва экстрасенсов».[удакладніць]
  20. Андрей Беляев, «В этот момент из-за поворота выскочил „Икарус-250“» // латвийская газета «Советская молодежь», 23 августа 1995 года
  21. Место гибели Виктора Цоя Kinoman.net  (Праверана 22 красавіка 2009): “Столкновение автомобиля «Москвич-2141» темно-синего цвета с рейсовым автобусом «Икарус-280» “
  22. Иван Щербаков, 20 лет назад разбился Виктор Цой. Сотрудник ГИБДД анализирует ту аварию// KMnews, 16.08.2010:”Как гласит милицейский протокол, столкновение автомобиля «Москвич-2141» тёмно-синего цвета (Я 6832 МН) с рейсовым автобусом «Икарус-280» (0518 ВРН) (водитель — Фибикс Янис) произошло 15 августа 1990 года в 11:28 на 35-м километре трассы Слока — Талей.”
  23. Н. Солдатенков, КИНО без Цоя? // Сайт kinoman.net, Библиотека
  24. Цой: последний путь(руск.)  (недаступная спасылка). Фотаархівы. Photoescape. Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2013. Праверана 12 лютага 2013.
  25. Следствие вели…С Леонидом Каневским. Выпуск 41: Виктор Цой: Смертельный поворот — 23.03.2007 (видеофильм)
  26. Интервью с Юрием Каспаряном — Журнал «Тинейджер» № 54, 21 июня — 27 июня 2002 г.
  27. «Асса» (1987 г.) (нявызн.). «YouTube»: «Мосфильм».
  28. «Рок» (1987 г.) (нявызн.). «YouTube»: «CD LAND VIDEO».
  29. «Последний герой» (1992 г.) (нявызн.). «YouTube»: «Star Media».
  30. «Последний герой» (1992 г.) (нявызн.). «YouTube»: «CD LAND VIDEO».
  31. «Следствие вели… с Леонидом Каневским. Виктор Цой: Смертельный поворот» (2007 г.) (нявызн.). «YouTube»: «НТВ».
  32. «Цой-Кино» (2012 г.) (нявызн.). «YouTube»: «Красный квадрат».

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэты XX стагоддзя Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Паэты-песеннікі СССР
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be