Вільгельм Фільхнер
Вільгельм Фі́льхнер (ням.: Wilhelm Filchner; 13 верасня 1877, Мюнхен — 7 мая 1957, Цюрых) — нямецкі падарожнік і пісьменнік, даследчык Цэнтральнай Азіі, арктычных і антарктычных абласцей.
Біяграфія
У 1900 годзе конна пераадолеў Памір.
У 1903—1905 гадах, сумесна з Альбертам Тафелем, ажыццявіў экспедыцыю ў Заходні Кітай, даследаваўшы раён ад Сініна да Тыбета.
У 1910 годзе працаваў на Шпіцбергене.
У 1911—1912 гадах узначаліў 2-ю Германскую Паўднёвапалярную экспедыцыю, якая адплыла на караблі «Дойчланд» да Антарктыды. У шэльфавых водах Антарктыкі адкрыў і даследаваў Зямлю Прынца Луітпольда, дзе выяўленая ім гіганцкая ледзяная даліна памерам у 500 000 кв. км названа ў 1912 годзе ў яго гонар — Шэльфавы ледавік Фільхнера.
У 1926—1928 гадах Фільхнер ажыццявіў новыя экспедыцыі ў Цэнтральную Азію, падчас якіх ён паміж Тарымскай катлавінай і Кашмірам, а таксама ў раёнах паміж Сінінам, балотамі Цайдама і Тыбетам (у 1934—1938[2] гг.) правёў электрамагнітныя і метэаралагічныя даследаванні. Выконваючы падобныя ж навуковыя працы, у перадваенныя гады (1939—1940[2]) Фільхнер выязджаў таксама ў Непал.
Падчас Другой сусветнай вайны даследчык быў інтэрнаваны англічанамі ў Індыю, адкуль вярнуўся ў Еўропу ў 1951 годзе.
У гонар В. Фільхнера названыя шэльфавы ледавік, горы і мыс у Антарктыдзе, скалы каля вострава Паўднёвая Георгія[2].
Бібліяграфія
- 1903 — «Скачка праз Памір» (ням.: Ein Ritt über den Pamir)
- 1906—1914 — «Навуковыя вынікі экспедыцыі Фільхнера ў Кітай і Тыбет 1903—1905», 2 тамы
- 1922 — «Да шостай часткі свету» (ням.: Zum sechsten Erdteil. Die zweite deutsche Südpolar-Expedition.)
- 1929 — раман «Ом мані падмэ хум» (ням.: Om mani padme hum)
- 1940 — «Бісміла! Ад Хуанхэ да Інда» (ням.: Bismillah! – Vom Huang-ho zum Indus)
- 1950 — аўтабіяграфія «Жыццё даследчыка» (ням.: Ein Forscherleben)
Зноскі
- ↑ Цяпер Германія
- 1 2 3 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 399. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 399. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
Спасылкі
- Трешников А. Ф. История открытия и исследования Антарктиды — М.: Рипол Классик, 2013. — 462 с.(руск.)
- Первые полёты над Антарктидой(руск.)