Вільям Пэн
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пэн. Вільям Пэн (англ.: William Penn; 14 кастрычніка 1644 г. — 30 ліпеня 1718 г.) — буйны англійскі прадпрымальнік, заснавальнік Пенсільваніі і Філадэльфіі.
Біяграфія
Вільям Пэн паходзіў з багатай сям’і. Яго бацька быў буйным землеўладальнікам і меў тытул адмірала. Ва ўзросце 12 гадоў стаў квакерам. У маладосці вывучаў у Оксфардзе правазнаўства і тэалогію. Аўтар тэалагічных брашур, у якіх высоўваліся патрабаванні рэлігійнай роўнасці. Некалькі разоў арыштоўваўся за свае погляды.
У 1677 г. англійскія квакеры са згоды каралеўскіх улад атрымалі права на заснаванне пасялення ў Новым Свеце. В. Пэн прымаў актыўны ўдзел у праекце, хаця сам заставаўся ў Англіі. У 1681 г. Карл II перадаў яму за даўгі вялікую тэрыторыю на захад ад ракі Дэлавэр, дзе ён заснаваў квакерскую калонію. Яна была названа Сільванія (ад лац.: Silva «лес»), пазней атрымала найменне Пенсільваніі ў гонар бацькі В. Пэна.
В. Пэн наведваў Новы Свет двойчы ў 1683—1684 гг. і ў 1699 г. Падчас першага візіта заключыў дагавор з індзейцамі-ленапэ аб продажы дадатковых тэрыторый за 1200 фунтаў. Гэтая сума лічылася на той момант дастаткова значнай. Пазней Вальтэр высока ацаніў учынак В. Пэна і прызнаў угоду справядлівай.
Пенсільванія задумвалася ім як камерцыйнае прадпрыемства. В. Пэн як прадстаўнік караля ўвёў на яе тэрыторыі законы, што абвяшчалі рэлігійную роўнасць і судовую бесстароннасць. У Пенсільванію пераязджалі каланісты-пратэстанты з розных кутоў Еўропы. Яны выкупалі землі за грошы, але прыбыткі В. Пэна ашчаджаліся на карысць калоніі. У выніку В. Пэн не толькі не ўзбагаціўся, але страціў амаль усю сваю маёмасць.
Падчас другога прыезду В. Пэн наведаў Філадэльфію. У канцы жыцця складаў праект канфедэрацыі ўсіх брытанскіх калоній Новага Света, выступаў за свабоду гандлю, быў праціўнікам рабства.
В. Пэн быў двойчы жанаты. Меў 10 дзяцей.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 William Penn // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Пенн Уильям // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- 1 2 Kindred Britain
- ↑ Lundy D. R. The Peerage